Дэпутаты Менскага райсавету ў жніўні зацьвердзілі карэкціроўку генплану забудовы пасёлку Бараўляны. Паводле новай вэрсіі, плянуецца высекчы 5 гектараў лесу ў рэкрэацыйнай зоне каля пасёлку, пабудаваць там школу і дзіцячы садок ды пракласьці да іх камунікацыі і дарогу.
Для жыхароў Бараўлянаў, якія сабралі больш за 6 тысяч подпісаў супраць зьнішчэньня лесу, гэта працяг змаганьня з чыноўнікамі, якое цягнецца ўжо два гады.
«Мы рыхтуемся да грамадзкага абмеркаваньня праектаў, прызначанага на канец верасьня. Заказалі незалежную экспэртызу, у тым ліку далучым экспэртаў па пытаньнях эканомікі. Бараўляны трэба разьвіваць як мэдычны кластэр, а з нас робяць чарговы спальны прыгарад сталіцы і ўшчыльняюць жыльлёвую забудову, не зважаючы на пратэсты», — сказаў Свабодзе Іван Вайтовіч, адзін з удзельнікаў пратэстаў жыхароў Бараўлянаў.
Гісторыя канфлікту
У красавіку 2016 году бараўлянцы ўбачылі, што будаўнікі высякаюць дрэвы ў суседнім лесе. Чыноўнікі сказалі, што гэта будзе ліўневая каналізацыя. Людзі пачалі скардзіцца, што належнага грамадзкага абмеркаваньня плянаў будаўнікоў не праводзілася. Тым часам стала вядома, што на месцы 5 гектараў лесу маюць пабудаваць некалькі аб’ектаў, у тым ліку сярэднюю школу і дзіцячы садок.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі прыедуць зь піламі, будзем стаяць да канца», — жыхары Бараўлянаў аднавілі намётавы лагерЧыноўнікі, даводзячы неабходнасьць будаўніцтва, спасылаліся на апытаньне жыхароў, якія нібыта падтрымалі зьяўленьне ў пасёлку новых сацыяльных аб’ектаў.
«Але не за кошт лесу, дзе адпачываюць жыхары пасёлку. Гэты лес — лёгкія Бараўлян, там растуць рэдкія расьліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Чаму не будаваць новыя дамы і садкі ў полі побач з пасёлкам? Зямлі ж хапае», — абураліся ўдзельнікі пратэстаў. Найбольш актыўныя акцыі былі ў 2017 годзе. Пратэстоўцы нават разьбівалі ў лесе намётавы лягер.
З таго часу спрэчкі, пэтыцыі, сустрэчы з чыноўнікамі зь Менскага райвыканкаму і Менскага аблвыканкаму, паседжаньні і акцыі пратэсту працягваюцца. Актывістам удалося дамагчыся, што будоўлю адклалі, некаторыя праекты, у тым ліку праект будаўніцтва дарогі, скарэктавалі. Але галоўнае з таго, што ў плянах, — высечку 5 гектараў бараўлянскага лесу — пакуль не адмяняюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нягледзячы на супраціў грамадзкасьці, бараўлянскі лес рыхтуюць да высечкіШто актывісты плянуюць рабіць далей?
Удзельнік пратэстаў, жыхар Бараўлян Іван Вайтовіч расказаў Свабодзе пра пляны ініцыятыўнай групы.
«Цяпер удзельнічаем у грамадзкім абмеркаваньні, якое мае скончыцца 27 верасьня. І настойваем на сходзе жыхароў з удзелам кіраўніцтва пасёлку і раёну. Каб падмацаваць сваю пазыцыю ў абароне лесу, мы зьвярнуліся ў Інстытут батанікі і біярэсурсаў Акадэміі навук Беларусі. Заказалі ў іх абсьледаваньне лесу, які прылягае да нашага боку. Нагадаю, гэта лес каля Бараўлян, Вопытнага, Ляскоўкі. Ужо ідзе дасьледаваньне, там выяўленыя чырванакніжныя расьліны, у тым ліку і тыя, пра якія мы яшчэ ня ведалі. Таксама мы дамагліся распрацоўкі „Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольле аб’екту будоўлі“. Такі дакумэнт зроблены для будаўніцтва дзіцячага садку на месцы лесу. Мы запатрабавалі, каб правялі грамадзкі сход у межах абмеркаваньня гэтага дакумэнту. Рыхтуем незалежную экспэртызу», — сказаў Іван Вайтовіч.
Актывіст спадзяецца, што гэтыя захады дапамогуць зьмяніць сытуацыю з будоўляй на месцы бараўлянскага лесу. Таксама актывісты гатовыя даказаць чыноўнікам, што будаваць заплянаваныя аб’екты на іншых пляцоўках, якія прапануюць жыхары пасёлку, значна таньней, чым на месцы лесу.
«Тут нам дапаможа жыхар Бараўлян, які лічыцца прызнаным экспэртам у эканоміцы», — сказаў актывіст Іван Вайтовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхарам Бараўлянаў не даюць пратэставаць супраць высяканьня 5 гектараў лесуУ скрайнім выпадку, калі аргумэнты ня змогуць пераканаць чыноўнікаў, на іх пададуць у суды.
«Калі не дагрукаемся да чыноўнікаў, да прэзыдэнта адносна захаваньня лесу на нашай малой радзіме, у Бараўлянах, дык пойдзем ужо ў судовыя інстанцыі. Будзем абараняць нашы правы, у тым ліку на экалёгію, у судах. Пазовы будзем падаваць пэўна на тых, хто плянуе высечку лесу: чыноўнікаў зь Менскага райвыканкаму і Менскага аблвыканкаму», — кажа Іван Вайтовіч з Бараўлян.
У пасёлку Бараўляны і прылеглых населеных пунктах ужо пражывае да 40 тысяч чалавек. Пры гэтым жыхары Бараўлян адзначаюць, што сацыяльная інфраструктура тут разьвітая слаба, і гэта вельмі нязручна. Летась 1,2 тысячы бараўлянскіх дзяцей наведвалі садкі ў Менску, а ў школах сталіцы навучалася больш за 2 тысячы школьнікаў з Бараўлян. У мінулым навучальным годзе ў пасёлку дзейнічалі 2 школы і 1 гімназія, якія былі перагружаныя ў 2,4 раза.
У Бараўлянах дагэтуль няма дзіцячай паліклінікі і ніводнага фізкультурна-аздараўленчага аб’екту для дзяцей.