Савет міністраў унёс зьмены і дапаўненьні ў правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў. Пастанова Савету міністраў ад 31 жніўня апублікаваная на партале pravo.by.
Як паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый, правілы прыведзеныя ў адпаведнасьць з законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».
Асноўныя патрабаваньні да пасажырскіх перавозак:
- Сыстэматычныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў па адным і тым жа маршруце па звароце любой фізычнай асобы павінны ажыцьцяўляцца як рэгулярныя.
- Міжгароднія ўнутрыабласныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах арганізуюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія зьяўляюцца заказчыкамі гэтых перавозак. Альбо па іх рашэньні апэратары аўтамабільных перавозак пасажыраў.
- Міжгароднія міжабласныя перавозкі пасажыраў ажыцьцяўляюць Мінтранспарту і камунікацый або па яго рашэньні апэратары аўтамабільных перавозак пасажыраў.
- Для ажыцьцяўленьня перавозак трэба заключыць дамову, якая дзейнічае цягам пяці гадоў. На гэты тэрмін перавозчыку выдаецца адмысловая картка маршруту.
- Перавозкі ажыцьцяўляюцца на падставе дамовы, якая «заключаецца з заказчыкам альбо апэратарам аўтамабільных перавозак пасажыраў па выніках конкурсу на права выкананьня аўтамабільных перавозак пасажыраў».
- Аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах бяз карткі маршруту або адпаведнага дазволу забараняюцца. На кожны маршрут павінен быць аформлены пашпарт.
- Забараняецца заяжджаць на пасажырскі тэрмінал без наяўнасьці дамовы на карыстаньне гэтым тэрміналам.
- Пасажыры павінны набываць квіткі праз касавыя апараты ці кампутарныя сыстэмы. Перавозкі будуць ажыцьцяўляцца па раскладзе.
Адно з асноўных патрабаваньняў маршрутчыкаў палягала ў тым, каб конкурсы былі адмененыя. Таксама прыватныя перавозчыкі прасілі ўвесьці заяўны парадак атрыманьня права на выкананьне аўтамабільных перавозак.
«Нас вяртаюць у 80-я гады па аказаньні такіх паслуг»
Дырэктар адной з кампаній сказаў карэспандэнту Свабоды, што пажаданьні прыватных маршрутчыкаў у новых правілах ня ўлічаныя.
«Нашы інтарэсы ня ўлічаныя. З намі ніхто ня раіўся і ніхто нам не пайшоў насустрач. Мы прасілі захаваць той від перавозак, які існаваў дагэтуль. Вяртаць пасажыраў на вакзал і працаваць па раскладзе ў цяперашніх умовах непрымальна, бо пасажыр выбірае зручны яму час. Тут шмат нюансаў, якія вяртаюць нас у 80-я гады па аказаньні такіх паслуг. То бок чалавек, які сядзіць у крэсьле, не разумее таго, што адбываецца на рынку ў сфэры пасажырскіх перавозак», — сказаў Свабодзе перавозчык.
Паводле дырэктара кампаніі, на сёньня каля ста перавозчыкаў адмовіліся пераходзіць зь нерэгулярных перавозак на рэгулярныя.
«Перавозчыкаў улады не пачулі», — лічыць суразмоўца.
«Працаваць на іх умовах няма сэнсу»
Адзін з перавозчыкаў, Аляксандар, сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўсе прапановы прыватных маршрутчыкаў былі адкінутыя Міністэрствам транспарту. Што цяпер?
«Я буду кідаць працу. Яны спэцыяльна адцягнулі час, каб усё ўлеглася, і зрабілі ўсё па-свойму. Але працаваць на іх умовах няма сэнсу. Проста крыўдна, бо мы арганізавалі працу. А яны хочуць усё падабраць пад сябе. Але мы заснавалі сваю асацыяцыю і будзем спрабаваць адбівацца», — кажа перавозчык.
«Для мяне і для перавозчыкаў гэта сюрпрыз»
Сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва, дырэктарка Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Жанна Тарасевіч, якая кіравала працоўнай групай дзеля складаньня прапаноў аб урэгуляваньні пытаньня зь перавозкамі, сказала карэспандэнту Свабоды, што ў правілах ня ўлічаныя патрабаваньні маршрутчыкаў.
«Для мяне і для перавозчыкаў гэта сюрпрыз. Гэтыя правілы былі
Тут захоўваюцца пытаньні правядзеньня конкурсаў, а мы дамаўляліся, што іх дакладна ня будзе, прынамсі на пэўны пэрыяд
падрыхтаваныя раней Міністэрствам транспарту і камунікацый, праходзілі шэраг узгадненьняў і толькі цяпер падпісаныя. Тут захоўваюцца пытаньні правядзеньня конкурсаў, а мы дамаўляліся, што іх дакладна ня будзе, прынамсі на пэўны пэрыяд. Мы казалі, што будзе адрэгуляваная праца дыспэтчарскіх службаў, якія выкарыстоўваюць прыватныя перавозчыкі. Такога таксама няма. Застаюцца патрабаваньні апэратара, які вызначае маршруты, прычым з часовым інтэрвалам. А гаворка ішла пра тое, што любы суб’ект можа свабодна ўвайсьці ў гэты інтэрвал, калі ён заяўляе час, бо гэта здаровая канкурэнцыя», — сказала карэспандэнту Свабоды Жанна Тарасевіч.
Жанна Тарасевіч дадала, што Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва перадала Савету міністраў прапановы наконт выхаду з сытуацыі, і чакаліся адпаведныя даручэньні. Але, як відаць, гэтыя прапановы ня ўлічаныя.
Цяпер за ажыцьцяўленьне перавозак прыватныя маршрутчыкі, якія ня сталі «рэгулярнымі», могуць несьці пакараньне. Прэзыдэнцкім дэкрэтам, сярод іншага, прадугледжана пэрсанальная адказнасьць кіраўніка — да 200 базавых велічынь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадпрымальніцкая рада скрытыкавала афіцыйны праект указу пра маршруткі, прапанавала свойГісторыя пытаньня
23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.
Аналіз працоўнай групы Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч — ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.
Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.
«Мінтранс і рэгулярныя маршрутчыкі хочуць заблякаваць нерэгулярных»
Працоўная група прыйшла да наступных высноў:
- Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
- У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
- Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
- Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
- Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.