Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніцкая рада скрытыкавала афіцыйны праект указу пра маршруткі, прапанавала свой


 Архіўнае фота. Падчас сходу прыватных перавозчыкаў у Менску
Архіўнае фота. Падчас сходу прыватных перавозчыкаў у Менску

Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва заклікала ўрад адмяніць конкурс на права перавозак пасажыраў і ўзаконіць дыспэтчарскія службы маршрутчыкаў.

Пра гэта гаворыцца ў адмысловым лісьце, які рада за подпісам свайго старшыні Аляксандра Турчына накіравала ў Савет міністраў.

У лісьце прапануецца распрацаваць праект адмысловага прэзыдэнцкага дэкрэту, які прадугледжвае больш лібэральныя ўмовы для працы міжгародніх пасажырскіх перавозчыкаў.

Гэта неабходна «для стварэньня празрыстых і канкурэнтных умоў дзейнасьці на рынку».

Падчас сходу маршрутчыкаў
Падчас сходу маршрутчыкаў

Рада прапануе ўключыць у праект дэкрэту:

  • адмену конкурсу на права выкананьня аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
  • заяўны парадак атрыманьня права на выкананьне аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
  • функцыянаваньне «дыспэтчарскіх службаў» з вызначэньнем іх прававога статусу, правоў, абавязкаў і адказнасьці;
  • вычарпальны пералік патрабаваньняў да аўтамабільных перавозчыкаў;
  • вычарпальны пералік умоў спыненьня заказчыкам (апэратарам) дамоўных адносін з аўтамабільным перавозчыкам;
  • адказнасьць аўтамабільнага перавозчыка і дыспэтчарскай службы за арганізацыю аўтамабільных перавозак у рэгулярных зносінах;
  • спрашчэньне працэдуры фармаваньня маршрутаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах на пэўнай тэрыторыі, распрацоўку і вядзеньне пашпартоў маршруту;
  • парадак арганізацыі так званых сацыяльных (нерэнтабэльных) маршрутаў, уключаючы аспэкты датаваньня і г.д.;
  • аднолькавыя падыходы па фармаваньні цэнаў (тарыфаў) на паслугі пасажырскіх тэрміналаў, забарона на навязваньне дадатковых паслуг для перавозчыкаў з боку тэрміналаў;
  • меры адказнасьці фізычных і юрыдычных асоб, якія ажыцьцяўляюць аўтамабільныя перавозкі пасажыраў з парушэньнямі ўстаноўленых патрабаваньняў.
Падчас сустрэчы маршрутчыкаў у Менску
Падчас сустрэчы маршрутчыкаў у Менску

Паводле рады, праблемы ў сфэры аўтамабільных перавозак пасажыраў паўсталі пасьля ўступленьня ў сілу з 23 студзеня 2018 году зьменаў у закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», якія «істотна трансфармавалі падыходы да вызначэньня і рэгуляваньня аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных і нерэгулярных зносінах».

Як гаворыцца ў лісьце, магчымасьці перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах «рэзка скараціліся». А прымальных умоў для пераходу субʼектаў зь нерэгулярных у рэгулярныя зносіны не было створана.

«У выніку асноўная частка ўдзельнікаў рынку, якія працуюць у нерэгулярных зносінах, апынуліся па-за прававым полем, што прывяло да ўзьнікненьня напружанасьці ня толькі ў асяродзьдзі аўтаперавозчыкаў, але і сярод спажыўцоў іх паслуг, паколькі частка маршрутаў часова аказаліся закрытымі», — адзначае Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва.

Паводле ліста Рады, цяпер рынак рэгулярных перавозак жорстка рэглямэнтаваны, а гэта вядзе да сурʼёзных выдаткаў на адміністраваньне працэдур. Адначасова створаныя ўмовы для мінімізацыі канкурэнцыі, бо дагаворы на перавозкі заключаюцца тэрмінам на пяць гадоў з магчымасьцю пралянгаваньня на такі ж пэрыяд бяз конкурсу.

«Гэта былі фэйкавыя навіны»

Раней Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі​ вынесла на грамадзкае абмеркаваньне ўласны праект прэзыдэнцкага ўказу «Аб некаторых пытаньнях ажыцьцяўленьня міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў».

У дакумэнце гаварылася, што юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць выконваць міжгароднія ўнутрыабласныя і міжабласныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах без правядзеньня конкурсу да 31 сьнежня 2018 году. Аднак самі маршрутчыкі сказалі карэспандэнту Свабоды, што «гэта былі фэйкавыя навіны».

Пасьля крытыкі з боку Лукашэнкі звольнілі намесьніка міністра транспарту і камунікацый

Гісторыя пытаньня

23 студзеня 2018 году набыў сілу закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», а 26 лютага — прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», якія істотна зьмянілі сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак.

Аналіз працоўнай групы паказаў, што да ўступленьня ў сілу новага заканадаўства на рынку міжгародніх перавозак працавала больш за 40 тысяч транспартных адзінак, зь іх толькі 8–10 тысяч ад рэгулярных (у асноўным дзяржаўных) перавозчыкаў. Нерэгулярныя маршруткі рабілі ў 3–20 разоў болей рэйсаў паміж Менскам і буйнымі гарадамі, чым рэгулярныя.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксі, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі, а значыць, ня мусілі выконваць цэлы шэраг умоваў ды патрабаваньняў.

Многія прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу. У некаторых гарадох Беларусі былі перабоі ў міжгароднім злучэньні, дзяржава пусьціла дадатковыя рэйсы.

«Мінтранс і рэгулярныя маршрутчыкі хочуць заблякаваць нерэгулярных»

Працоўная група прыйшла да наступных высноў:

  • Праект прынятага закону не абмяркоўваўся з прадстаўнікамі бізнэс-супольнасьці.
  • У законе захаваная мадэль рэгулярных перавозак старога ўзору, якая дзесяцігодзьдзямі даводзіла сваю нежыцьцяздольнасьць.
  • Новыя нормы закону найперш накіраваныя на больш жорсткае рэгуляваньне нерэгулярных перавозчыкаў, якія за 15–20 гадоў сфармавалі свае маршрутныя сеткі.
  • Закон «ня даў ніякіх альтэрнатываў» для працягу працы нерэгулярных перавозчыкаў.
  • Міністэрства транспарту і камунікацый спрабавала «ў „ручным“ рэжыме кіраваць працэсам» і аказалася не гатовае да рэалізацыі закону.

Тысячы беларусаў выказаліся ў падтрымку прыватных маршрутак

Маршрутачны крызіс выклікаў абурэньне многіх жыхароў Беларусі.

Амаль 16 тысяч чалавек падпісаліся на сайце petitions.by пад зваротам за ўнясеньне паправак у абноўлены закон «Аб аўтамабільных перавозках». Аналягічную пэтыцыю на сайце change.org падпісалі больш за 11 тысяч чалавек.

Па выніках сходу ўладальнікаў прыватных міжгародніх маршрутак 29 сакавіка ў Менску яго ўдзельнікі аднесьлі ў Адміністрацыю прэзыдэнта 81 тысячу подпісаў беларусаў з патрабаваньнем пакінуць для прыватных маршрутак ранейшыя ўмовы працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG