Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня даў згоду на прызначэньне трох чыноўнікаў у сфэры аховы здароўя, піша БелТА.
На пасаду намесьніка міністра здароўя прызначаны дырэктар санаторыя «Белоруссия» ў Крыме Барыс Андрасюк (21 ліпеня быў звольнены намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, які знаходзіцца пад арыштам у «справе мэдыкаў»).
На пасаду генэральнага дырэктара «Белмэдтэхнікі» прызначаны былы намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Кудзяньчук, на пасаду гендырэктара «Белфармацыі» — былая дырэктарка магілёўскага гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Фармацыя» Валянціна Ігнаценка.
Ці працаўладкаваныя папярэднія дырэктары, не ўдакладняецца.
Лукашэнка заклікаў знайсьці галоўных арганізатараў карупцыі ў Мінздароўя, а ня «стрэлачнікаў»
На нарадзе аб праблемах сыстэмы аховы здароўя Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблемы ў мэдыцыне дасягнулі «такіх маштабаў, што нельга ўжо абмяжоўвацца новымі прызначэньнямі».
Амаль 100 чалавек пад сьледзтвам, 95 крымінальных справаў, у якіх фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў»Лукашэнка пра «справу мэдыкаў»
Як сьцьвярджае Лукашэнка, ужо амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва, распачата 95 крымінальных справаў, у якіх фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў злачынных сродкаў». Выкрытыя факты карупцыі «сумневаў не выклікаюць», дадае ён.
Паводле Лукашэнкі, маштаб праблемамі ў мэдыцыне такі, што «ўжо нельга проста абмежавацца новымі прызначэньнямі». Ён заявіў, што колькасьць карупцыйных справаў у мэдыцыне вырасла зь мінулага году амаль удвая, праблема карупцыі стала «скразной, сыстэмнай» — «ад прыватнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных службоўцаў да Міністэрства здароўя, а можа быць і вышэй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка скрытыкаваў віцэ-прэм’ера Жарко за карупцыю ў ахове здароўя«Мною была пастаўленая прынцыповая і цьвёрдая задача: не знайсьці «стрэлачнікаў», а літаральна выкарчаваць гэтую заразу дашчэнту, дакапацца да арганізатараў гэтага беззаконьня, — казаў Лукашэнка прысутным на нарадзе. — Так што ня трэба было нічога гадаць, гэта было маё даручэньне кантрольным і праваахоўным органам».
Намесьнік больш адказны за міністра?
Як піша «Беларусь сегодня», Лукашэнка таксама папрасіў міністра здароўя Валерыя Малашку даць справаздачу пра тое, «што цяпер адбываецца ў ахове здароўя».
«А пасьля будзем глядзець: ці зможа міністар далей працаваць разам зь першым намесьнікам, які тут не адзін год працуе і нясе, быць можа, большую адказнасьць, чым новы міністар, — казаў Лукашэнка. — Адказнасьці ніхто не пазьбегне».
Пры гэтым Лукашэнка пахваліў працу КДБ, які «пры ўсёй маштабнасьці захадаў спрацаваў спакойна і акуратна» і «не хапалі каго папала» — маўляў, «іншыя структуры могуць гэты досьвед пераймаць», «каб не ламаць арганізацыі».
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.