Velcom спытаў, якія фільмы перакласьці на беларускую. «Пяты элемэнт», «Рэмба», «Эўратур», «Час прыгодаў»?..

Кэтрын Зэта-Джонс і Антоніё Бандэрас у фільме «Легенда Зора», ілюстрацыйнае фота

Беларускі мабільны апэратар Velcom запусьціў апытаньне, якія фільмы варта перакласьці ў межах праекту Cinevoka — агучваньні фільмаў па-беларуску для анлайн-кінатэатру Voka.tv.

На Cinevoka ўжо можна паглядзець шэраг фільмаў, перакладзеных раней камандай «Кінаконг» для «Беларускіх уікэндаў», якія праводзяцца супольна з «Вэлкомам»: у ліку перакладзеных фільмы «Падынгтан», «Кніга Ілая», «У джазе толькі дзяўчаты», мультфільмы «Таямніца Келса» і «Рыбка Поньё» ды іншыя.

Як сьцьвярджае на Facebook Антон Матолька, у плянах кампаніі агучка 10 фільмаў і аднаго сэрыялу да канца году. Гэта ўскосна пацьвердзіла ў камэнтарах начальніца аддзелу стварэньня і прасоўваньня кантэнту Velcom Ірына Карэліна.

На Cinevoka ўжо можна паглядзець шэраг фільмаў, перакладзеных раней камандай «Кінаконг» для «Беларускіх уікэндаў», што праводзяцца супольна з «Вэлкомам»: у ліку перакладзеных фільмы «Падынгтан», «Кніга Ілая», «У джазе толькі дзяўчаты», мультфільмы «Таямніца Келс» і «Рыбка Поньё» і іншыя. Фільм «Мой сябра жырафа» па-беларуску паказвалі адразу на 15 менскіх пляцоўках, а таксама ў дзясятках кінатэатраў ува ўсіх рэгіёнах краіны. Дзеля агучкі «Таемнага жыцьця Ўолтэра Міці» на беларускую нават пераклалі гіт Дэвіда Боўі «Space Oddity».

Апытаньне пра новыя пераклады зьмяшчае 244 прапановы ў самых розных жанрах з розных краінаў.

Гэта, напрыклад:

  • драмы «Дагрукацца да нябёсаў» (Knockin' on Heaven's Door), «Прамінула зь ветрам» (Gone with the Wind), «Рэквіэм па мроі» (Requiem for a Dream), «Спадар Ніхто» (Mr. Nobody), «З машыны» (Ex Machina), «Мэмуары гейшы» (Memoirs of a Geisha), «Яна» (Her) ды іншыя;
  • баевікі «Горад грахоў» (Sin City), «Леон» (Leon), «Пяты элемэнт» (The Fifth Element), «Шчасьлівы лік Сьлевіна» (Luсky Number Slevin), «Рэмба. Першая кроў» (First blood), «Зора» (Zorro), «Імгла» (The Mist), «Хатка ў лесе» (Cabin in the Woods) і іншыя;
  • камэдыі «Дзеці шпіёнаў» (Spy Kids), «Добра быць ціхоняй» (The Perks of Being a Wallflower), «Не пагражай паўднёваму цэнтралу…» (Don't Be a Menace to South Central…), «Няўдачнікі» (La chèvre), «Шлюб па-італьянску» (Matrimonio all’italiana») і «Эўратур» (Eurotrip) і іншыя;
  • мульфільмы «Ўсе сабакі трапляюць у рай» (All Dogs Go to Heaven), «Чарапашкі-ніндзя» (Teenage Mutant Ninja Turtles); анімэ «Мой сусед Тотара» (Tonari no Totoro), «Унесеныя прывідамі» (Sen to Chihiro no kamikakushi), «Прынцэса Мананоке» (Mononoke-hime), «Каўбой Бібоп» (Cowboy Bebop: Tengoku no tobira) і іншыя;
  • шэраг дэтэктываў, вэстэрнаў, мьюзыклаў, дакумэнтальных фільмаў ды іншых стужак.

Velcom раней заяўляў, што зьбіраецца стварыць свой тэлеканал, на якім абяцае ў тым ліку беларускамоўны кантэнт.

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар год таму казаў, што сумняецца, ці варта перакладаць кіно на беларускую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умяшаньне ў творчую задуму»: новы міністар культуры засумняваўся, ці варта перакладаць кіно на беларускую
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі кінатэатраў па ўсёй краіне: «Беларускія ўікэнды» паставяць рэкорд паказаў па-беларуску