«Мы хочам, каб гэта адбылося», — адзначыла прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс.
У Белым доме абмяркоўваюць магчымасьць новай сустрэчы паміж прэзыдэнтам Дональдам Трампам і лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, заявіла ў ходзе праведзенага ў панядзелак брыфінгу Сара Гакабі Сандэрс.
Паводле Сандэрс, прэзыдэнт атрымаў ад паўночнакарэйскага лідэра ліст з прапановай правесьці другую сустрэчу. Сандэрс назвала ліст «цёплым» і «пазытыўным». «Мы ня будзем публікаваць ліст цалкам, калі не атрымаем згоды з боку паўночнакарэйскага лідэра», – дадала прэс-сакратарка.
Сандэрс таксама адзначыла, што вайсковы парад, які адбыўся ў Пхэньяне ў нядзелю, стаў прыкметай прагрэсу ў перамовах аб дэнуклеарызацыі, паколькі на ім не былі прадэманстраваны ядзерныя балістычныя ракеты далёкага дзеяньня. Трамп у Twitter падзякаваў Кім Чэн Ыну за парад бязь ядзерных ракетаў.
Папярэдняя сустрэча Трампа і Кіма прайшла на саміце ў Сынгапуры 12 чэрвеня. Там паўночнакарэйскі лідэр паабяцаў, што КНДР адмовіцца ад свайго ядзернага арсэналу, але ў дасягнутым пагадненьні не было пазначана, як і калі гэта можа адбыцца. На днях Кім Чэн Ын заявіў, што ён спадзяецца правесьці дэнуклеарызацыю краіны да канца першага тэрміну Трампа ў Белым доме, гэта значыць да студзеня 2021 году.
Пасьля саміту не прайшло і дня, як Трамп абвясьціў: «Ядзернай пагрозы з боку Паўночнай Карэі больш няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад лаянкі да абдымкаў. Сынгапурскі саміт Трампа і Кім Чэн ЫнаЗрэшты, пасьля, нягледзячы на пахвалу ў адрас Кім Чэн Ына, Трамп выказаў раздражненьне ў сувязі з павольнымі тэмпамі перамоваў паміж дзьвюма краінамі. У жніўні ён адмяніў паездку дзяржсакратара Майка Пампэо ў Пхэньян для новых дыскусій.
Трамп і Кім Чэн Ын хацелі б, каб пагадненьне было дасягнута да пачатку новага раўнду перамоў. Вашынгтон хоча, каб Паўночная Карэя ўзяла канкрэтныя абавязаньні ў дэнуклеарызацыі, у той час як Пхэньян патрабуе гарантый бясьпекі ды іншых саступак перад дэмантажом свайго ядзернага арсэналу.