Суд не задаволіў пазоў бізнэсоўца Ізраілевіча да «Новага часу» і журналіста Івашына

Аркадзь Ізраілевіч (зьлева) з ахоўнікам

Суд Савецкага раёну Менску не задаволіў пазоў бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча да газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. З Ізраілевіча суд пастанавіў спагнаць 600 рублёў на карысьць газэты і журналіста.

Суд вырашыў, што частка фразаў пра Ізраілевіча не наносіць шкоды яго рэпутацыі і не абражае яго, а частка фразаў увогуле ня тычыцца Ізраілевіча. Працэс прайшоў за 4 гадзіны. Пазоў Аркадзя Ізраілевіча разглядала судзьдзя Вераніка Абрамовіч.

Публіка ў судзе сустрэла рашэньне судзьдзі авацыямі.

Адвакат Ізраілевіча сказала Свабодзе, што будзе вырашаць з кліентам, ці абскарджваць гэтае рашэньне.

Ізраілевіч: «Публікацыі справакавалі хвалю антысэміцкіх допісаў супраць мяне»

У спрэчках Аркадзь Ізраілевіч паўтарыў свае абвінавачаньні на адрас газэты «Новы час» наконт распаўсюджваньня абразьлівай інфармацыі пра яго і дадаў, што публікацыя газэты, да таго ж, справакавала супраць яго хвалю антысэміцкіх допісаў у сацыяльных сетках.

Журналіста Дзяніса Івашына Аркадзь Ізраілевіч западозрыў у прафэсійнай няздатнасьці, палічыўшы, што аўтар «Новага часу» недакладна разумее сэнс словаў «афіліяванасьць» і «бэнэфіцыяр», якія той ужываў, даказваючы што Ізраілевіч зьвязаны з пабудовай і дзейнасьцю рэстарацыі «Поедем поедим». Паводле Аркадзя Ізраілевіча, ён ня мае дачыненьня да фірмаў — уласьнікаў рэстарацыі.

Ізраілевіч пакінуў будынак суду да абвяшчэньня рашэньня. Перад выхадам з суду бізнэсовец ад камэнтароў журналістам адмовіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэсовец Ізраілевіч адмовіўся назваць суду свой хатні адрас

У цэнтры — галоўны рэдактар «Новага часу» Аксана Колб і журналіст Дзяніс Івашын

Галоўны рэдактар «Новага часу»: «Ізраілевіч сам справакаваў нэгатыў»

Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аксана Колб у спрэчках сказала, што Ізраілевіч сам справакаваў нэгатыўныя допісы ў інтэрнэце на свой адрас, калі загаварыў пра тое, што стаў ахвярай антысэміцкай змовы. Таксама Аксана Колб нагадала, што пазоўнік сустрэў словам «Ура» арышт абаронцы Курапатаў Паўла Севярынца. Паводле журналісткі, больш пашкодзіць сваёй рэпутацыі, чым гэта зрабіў сам Ізраілевіч, немагчыма.

Пасьля абвяшчэньня прысуду Аксана Колб заявіла:

«Нягледзячы на судовы вырак, мы па-ранейшаму гатовыя даць Ізраілевічу слова, каб ён выказаў сваю пазыцыю. Што да рашэньня суду, я не сумнявалася, што суд разьбярэцца і вынесе справядлівае рашэньне».

Журналіст Дзяніс Івашын: «Цуды здараюцца»

Дзяніс Івашын, аўтар публікацый пра верагодную датычнасьць Ізраілевіча да рэстарацыі «Поедем поедим», спасылаўся на тое, што ўсю інфармацыю, якая даказвала ягоную праўду, ён узяў з афіцыйных крыніц — з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, які выпускае Мін'юст, а таксама з пратаколаў, якія былі атрыманыя ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Дзяніс Івашын выказаў вялікую падзяку тым, хто падтрымаў яго і газэту «Новы час».

«Што сказаць, цуды здараюцца. У мяне не было ілюзій наконт беларускай судовай сыстэмы, але так здарылася. Я на гэта разьлічваў, бо ў пазоўнага боку не было ніякай аргумэнтацыі», — сказаў Івашын.

Журналіст дадаў, што будзе далей расьсьледаваць тэму рэстарацыі ў Курапатах.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты