Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Ізраілевіч адмовіўся назваць суду свой хатні адрас


Аркадзь Ізраілевіч
Аркадзь Ізраілевіч

У судзе Савецкага раёну Менска пачаўся працэс паводле пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча да газэты «Новы час». Ён аспрэчвае сваё дачыненьне да рэстарацыі «Поедем поедим», якая напачатку чэрвеня пачала працаваць побач з Курапатамі.

Аркадзь Ізраілевіч адмовіўся назваць суду хатні адрас. Удакладніў, што «не хацеў бы гэтага рабіць, бо публіка сабралася ненадзейная». На працэс ён зьявіўся з ахоўнікам.

У судовай залі больш за 20 чалавек, сярод іх праваабаронцы, журналісты, грамадзкія актывісты: гісторык Ігар Кузьняцоў, пісьменьнікі Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, абаронцы Курапатаў Лявон Кулакоў, Дзяніс Урбановіч, Вольга Мікалайчык ды іншыя.

Абаронцы Курапатаў
Абаронцы Курапатаў

Ізраілевіч сказаў, што цалкам падтрымлівае пазоў і назваў абаронцаў Курапатаў «экстрэмісцкай групай».

Таксама ён лічыць «трызьненьнем» атрыкулы Дзяніса Івашына ў «Новым часе».

«Спадар Івашын, магу вам сказаць, што гэта ўсё прыдумаў Трамп», — пажартаваў Ізраілевіч.

Паводле яго заявы, пасьля газэтных артыкулаў у яго пачаліся праблемы з бізнэсам, у тым ліку ў гарвыканкаме.

«Працягваюцца сур’ёзныя праблемы ў бізнэсе. Кантактую з банкірамі і мне увесь час кажуць: як я мог ўляпацца ў такое дзярмо?».

За гэта судзьдзя зрабілі Ізраілевічу заўвагу: «Падбірайце словы».

У судзе побач з Ізраілевічам сядзіць ахоўнік (на пярэднім пляне)
У судзе побач з Ізраілевічам сядзіць ахоўнік (на пярэднім пляне)

У пазове аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі падаў бізнэсовец Ізраілевіч патрабуе ад незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў за «маральную шкоду». Яшчэ 1 тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына, аўтара расьсьледаваньня пра незаконную забудову ў Курапатах.

Як лічыць Ізраілевіч, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што ягонае ТАА «ІВ» зьяўляецца бэнэфіцыярам будаўніцтва побач зь месцам сталінскіх расстрэлаў у Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты.

Ён сьцьвярджае, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць зьняпраўджаньне – інфармацыю пра сваю недатычнасьць да рэалізацыі камэрцыйнага праекту, а таксама матэрыяльную кампэнсацыю за эмацыйныя перажываньні і пагаршэньне фізычнага стану.

"Разгойдваюць і без таго нялепшую эканамічную сытуацыю ў краіне, -- сказаў Ізраілевіч пра артыкулы Івашына ў "Новым часе". -- Гэта звычайная замова антысэміцкага характару. Яму трэба было арганізаваць габрэйскую змову, ён яе і арганізаваў".

Прадстаўнікі і абарона рэдакцыі
Прадстаўнікі і абарона рэдакцыі

​Пазоўнік адмовіўся ад ідэі зьвярнуцца ў Генпракуратуру і праверыць ягоны бізнэс.

"Гэта можа адбіцца на стаўленьні да мяне банкіраў", -- сказаў ён.

Аркадзь Ізраілевіч гэтак адказаў на пытаньне судзьдзі, чаму ён не зьвярнуўся ў "Новы час" наконт абвяржэньня пасьля першага артыкулу пра яго.

"Палічыў, што кантактаваньне з бытавымі антысэмітамі ніжэй за мой гонар", -- адказаў ён.

У пазове Ізраілевіч сьцьвярджаў, што артыкулы пра яго ў "Новым часе" пагоршылі ягоны фізычны стан. Адвакат рэдактара "Новага часу" Аксаны Колб спытаў у пазоўніка, ці зьвяртаўся ён у мэдычныя ўстановы адносна пагаршэньня фізычнага стану. Ізраілевіч адказаў, што да лекараў не хадзіў.

Дзяніс Івашын зьвяртаўся да Аркадзьдзя Ізраілевіча па-беларуску і бізнэсовец папрасіў гаварыць зь ім па-расейску. Судзьдзя ў гэтым адмовіла.

"У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы і суд ня мае права забараніць зьвяртацца на той дзяржаўнай мове, якую абірае удзельнік працэсу". Ізраілевіч абурыўся і атрымаў заўвагу судзьдзі.

Забаўляльная ўстанова побач з Курапатамі
Забаўляльная ўстанова побач з Курапатамі

Ізраілевіч ня лічыць, што нэгатыўныя камэнтары ў інтэрнэце ён сам справакаваў канфліктам з кіраўніцай ТБМ Аленай Анісім і абаронцамі Курапатаў.

"Гэтак не лічу. Перад Анісім я выбачыўся і той канфлікт закрыты".

Аркадзь Ізраілевіч пацьвердзіў, што сябруе з уласьнікамі рэстарацыі "Поедем поедим" і кансультаваў іх перад пачаткам будаўніцтва. Напрыклад, у іх былі сёр'ёзныя пытаньні па каналізацыі.

Таксама згадаў, што адзін з уладальнікаў забаўляльнай установы Леанід Зайдзіс паказваў яму акт на зямлю і там не было ніякіх абмежаваньняў на валоданьне.

Паводле Ізраілевіча, абаронцы Курапатаў пабудавалі сваю ідэалёгію на “карупцыйннай схеме", а абвінавачаньні ў карупцыі шкодзяць ягонаму бізнэсу. Прадпрымальнік запэўніў, што ня мае адносінаў да карупцыі.

Усталяваньне крыжоў
Усталяваньне крыжоў

Рэдактарка газэты Аксана Колб сказала суду, што неаднаразова прапаноўвала пазоўніку выказацца на старонках «Новага часу», каб чытачы самі вырашалі, што рабіць далей. Аднак Ізраілевіч назваў артыкуды «хлусьнёй» і адмовіўся ад замірэньня.

Адвакат Аксаны Колб пералічыў прычыны, зь якіх рэдакцыя не прызнае пазоў Ізраілевіча. Сярод іх тое, што там ня лічаць зьвесткі пра бізнэсоўца, якія распаўсюдзіла газэта, зьневажальнымі.

«У любым выпадку гэтыя зьвесткі грунтуюцца на інфармацыі зь дзяржаўных крыніцаў, з Мін’юсту, а значыць, распаўсюднік гэтай інфармацыі не нясе адказнасьці паводле закону».

Адзін з уласьнікаў рэстарацыі Леанід Зайдэс
Адзін з уласьнікаў рэстарацыі Леанід Зайдэс

Аўтар сэрыі публікацый Дзяніс Івашын падчас працэсу сказаў, што ягонае журналісцкае дасьледаваньне было прысьвечана выяўленьню сувязяў фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з пабудовай рэстарацыі.

Ён патлумачыў схему, якую вымаляваў у сваіх артыкулах: прадпрымальніца Лебедзева – “Белрэст інвэст” – “Аміс Бел”.

“Я выявіў, што спадар Ізраілевіч мае шчыльныя сувязі з уласьнікамі рэстарацыі, знайшоў дакумэнтальныя сьведчаньні, што ён афіляваны з гэтымі структурамі. Ён асабіста знаёміўся і з дакумэнтацыяй перад пабудовай рэстарацыі, што таксама прызнае. Гэта непасрэдна даказвае ягоную афіляванасьць".

Івашын паведаміў, што працягвае сваё расьсьледаваньне пра ўласьнікаў рэстарацыі, схема, якую ён склаў, зроблена на падставе Адзінага дзяржаўнага рэгістру Міністэрства юстыцыі.

Дзяніс Івашын удакладніў суду, што раней рэстарацыя называлася "Бульбаш холам”. Паводле журналіста, уласьнікі "Булбаш-холу" зьмянілі назву пасьля пратэстаў грамадзкасьці, аднак ад самой рэстарацыі ў Курапатах не адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG