Карціны Надзеі Хадасевіч-Лежэ перадалі ў Нацыянальны мастацкі музэй пры падтрымцы беларускай амбасады ў Швайцарыі.
Тры графічныя творы беларуска-францускай мастачкі Надзеі Хадасевіч-Лежэ былі перададзеныя ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музэю Беларусі, паведамляе беларускае Міністэрства замежных справаў.
Як расказаў дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» намесьнік дырэктара музэю па рэстаўрацыі і фондавай рабоце Сяргей Вечар, карціны прыбылі з «усім родным» – у рамках і паспарту. У фондах Нацыянальнага мастацкага музэю ўжо ёсьць некалькі работ мастачкі, чакаюць зьяўленьня яшчэ адной ейнай карціны, напісанай алеем.
Карціны набылі пры падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лязане Андрэя Нажэскіна і амбасады Беларусі ў Швайцарыі, яны прыехалі ў Беларусь яшчэ ў ліпені.
Надзея Хадасевіч-Лежэ нарадзілася ў 1904 годзе ў вёсцы Асецішча, што ў цяперашнім Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці. Вучылася ва Ўладзіслава Страмінскага ў Смаленску, магчыма, і ў Казімера Малевіча ў Віцебску, на запрашэньне Стравінскага паехала вучыцца ў Варшаву, выйшла замуж за мастака Станіслава Грабоўскага і зь ім пераехала ў Парыж у 1924 годзе, у 1932-м разьвялася з Грабоўскім і ў 1952-м выйшла за францускага мастака Фэрнана Лежэ.
Займалася маляваньнем, графікай, мазаікай, скульптурай, працавала ў стылях прымітывізму, супрэматызму і пурызму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-8 мастацкіх музэяў, дзе захоўваюцца творы беларускіх прадстаўнікоў Парыскай школы жывапісу