Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — сьвятар Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу ў Менску Аляксандар Шрамко. Ён выказвае сваё стаўленьне да канфлікту вакол опэры «Салямэя», заяўляе, што ў праваслаўнай царквы няма поўнай гармоніі зь дзяржавай, і распавядае, у чым спакуса ў паводзінах рэлігійнага чалавека.
Магчыма, пратэстанты хацелі паказаць сваю ляяльнасьць да ўлады
— Апошнім часам у беларускай інфармацыйнай прасторы горача абмяркоўваюць некалькі гучных гісторыяў, зьвязаных з публічным выказваньнем некаторымі групамі вернікаў свайго стаўленьня да тых ці іншых грамадзка-палітычных зьяваў. Напрыклад, кіраўнікі некаторых пратэстанцкіх грамадаў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць, як яны лічаць, гомасэксуальную прапаганду. Частка праваслаўных вернікаў паўплывала на перанос даты спэктаклю «Салямэя». Ці можна казаць пра нейкую тэндэнцыю палітычнай актывізацыі вернікаў? Ці проста супала некалькі падзеяў і вы такой тэндэнцыі ня бачыце?
— Пакуль што ня бачу, пакуль рана казаць пра гэта. Зьвярнуцца можа кожны, але тут важны кантэкст. Калі зьвяртаюцца да грамадзтва, каб падняць нейкія пытаньні, —- гэта адно. Зусім іншае — калі адразу зьвяртаюцца да ўладаў, каб яны зладзілі нейкія рэпрэсіі, праявілі сваю ўладу.
Магчыма, нехта так хоча паказаць сваю ляяльнасьць да ўлады. Гэты матыў можа быць у пратэстантаў, напрыклад. Калі нешта і патрабаваць ад уладаў, дык у нас ёсьць савецкія назвы, помнікі людзям, якія забівалі хрысьціян. Але з гэтай нагоды хрысьціяне неяк не выступаюць, а заяўляюць пра нейкія дробязі.
— Вы сказалі аб пратэстантах. А праваслаўных пытаньне ляяльнасьці да ўлады не турбуе? Бо ў шырокім уяўленьні прынята лічыць, што ў Праваслаўнай царквы з уладамі Беларусі поўны ўнісон. Ці гэта так?
Традыцыйна праваслаўная царква ляяльная дзяржаве і імкнецца не даводзіць справу да канфлікту, пагаджацца. Але гэта не азначае, што ёсьць нейкая гармонія ў адносінах.
— Не ўнісон. Але традыцыйна лічыцца, што праваслаўе ў Беларусі — самая традыцыйная, «свая» рэлігія, і як бы згода ёсьць зь дзяржавай. Але казаць, што гэта ўнісон, нельга. Можна сказаць, што дзяржава ўлічвае тое, што праваслаўе — самая вялікая канфэсія, і таму больш на яе арыентуецца. Ёсьць моманты, што царква ня ўсё робіць так, як хацела б ад яе дзяржава, і царкве ня ўсё падабаецца ў дзяржаве. Няма такога, каб нехта некім кіраваў. Але традыцыйна Праваслаўная царква ляяльная дзяржаве і імкнецца, калі гэта магчыма, не даводзіць справу да канфлікту, пагаджацца і гэтак далей. Але гэта не азначае, што ёсьць нейкая гармонія ў адносінах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму царква ў Беларусі жыве «на вобраз і падабенства» палітычнага рэжыму
«У нас так бывае, што прыстойныя людзі ціха маўчаць, а такія падымаюць хвалю»
— Калі ўсё ж зьвярнуцца да гэтага скандалу вакол опэры «Салямэя», то давялося пачуць шмат вэрсіяў, у тым ліку і такую, што гэта адгалосак канфліктаў унутры самой Праваслаўнай царквы. Бо, як стала вядома, мітрапаліт Павал нібыта прысутнічаў на папярэднім праглядзе гэтай опэры і даў «дабро», а потым нейкая група вернікаў піша ліст, і ўлада чамусьці ўлічвае менавіта іхны ліст. Што гэта азначае?
— Як у нас бывае, нейкая маленькая групка людзей напісала шмат лістоў у розныя інстанцыі. А ў нас жа ёсьць закон, які патрабуе рэагаваць на заявы грамадзян. Наколькі я ведаю, стварылі нейкую сумесную камісію. Можа, мітрапаліт Павал і сказаў, што нічога такога няма ў спэктаклі, — але тады яшчэ не было гэтых лістоў. І тады, я так думаю, вырашылі пайсьці на нейкі кампраміс — перасунуць дату прэм’еры, бо яна якраз была перад 11 верасьня, калі ў царкве адзначаецца Адсячэньне галавы Іаана Хрысьціцеля — тыя самыя падзеі, пра якія зьмест опэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская праваслаўная царква: «Мы не патрабавалі забараніць опэру «Салямэя»Царква — гэта ж ня армія, калі нехта сказаў, і ўсе адразу паслухаліся. Проста нейкая частка вернікаў, зусім не вялікая... Але заўсёды бывае, што некалькі чалавек могуць падняць такую хвалю. Можа, трэба было б тым вернікам, якія ня супраць гэтай опэры, напісаць адваротныя звароты. Але ў нас так бывае, што прыстойныя людзі ціха маўчаць, а такія падымаюць хвалю.
— Але для многіх людзей, далёкіх ад царквы, часам усе праваслаўныя ўяўляюцца як нешта адзінае цэлае. Яны прыходзяць у царкву, і сьвятары ім кажуць, што і як рабіць у жыцьці.
— Вельмі наіўная думка. Бо розныя людзі бываюць у царкве, і далёка ня кожны слухае сьветара. Бывае так, што большасьць сьвятароў пазьбягае выказваць меркаваньні палітычнага пляну. Але ў прынцыпе гэтага і не павінна быць. Сьвятар павінен прапаведаваць Эвангельле, канкрэтна казаць пра нейкія ўчынкі чалавека. Няма такога, каб сьвятар выйшаў і казаў вернікам: «Давайце зладзім нейкі пратэст, адрэагуем на нейкія падзеі ў грамадзтве». Ёсьць пэўныя актыўныя групы, і часам бывае, што яны пратэстуюць супраць самога царкоўнага кіраўніцтва.
Царква не павінна ісьці за грэшным сьветам
— А як вы ставіцеся да крытыкі царквы з боку нявернікаў? Людзі звонку (далёкія ад царквы) часам хочуць, каб царква была прагрэсіўнай, як праваабаронцы, змагалася за рэчы, не ўласьцівыя ёй, мяняла свае прынцыпы пад патрэбы часу. Але ж царква добраахвотна аб’ядноўвае людзей паводле пэўных прынцыпаў, і яны могуць адрозьнівацца ад сярэдняга грамадзтва.
Трэба, каб учынкі царквы не супярэчылі таму, што яна сама заяўляе. Каб было відаць, што тыя прынцыпы, якія царква прапаведуе, ажыцьцяўляюцца ў самой царкве.
— У дэмакратычным грамадзтве ніхто нікому не павінен забараняць выказваць нейкія думкі. Калі апостал Павал кажа пра тое, хто можа быць сьвятаром і эпіскапам, ён кажа, што павінна быць добрае сьведчаньне ад «зьнешніх». У такім пляне царква павінна перад людзьмі таксама быць бездакорнай. Але грамадзтва можа патрабаваць ад царквы рэчаў, якія могуць зусім не супадаць з пастулятамі царквы, з запаведзямі — усё гэта ў царкве сваё. Царква не павінна ісьці за грэшным сьветам. Выказваць можна ўсё, але царква гэта ня будзе прымаць і будзе зыходзіць са сваіх пастулятаў і дагматаў, канонаў. Але трэба, каб учынкі царквы не супярэчылі таму, што яна сама заяўляе. Каб было відаць, што тыя прынцыпы, якія царква прапаведуе, ажыцьцяўляюцца ў самой царкве. І грамадзтва можа ставіць пытаньне — чаму вы кажаце адно, а на самай справе ў вас іншае?
Хрысьціянін — гэта той чалавек, які жыве паводле запаведзяў, а ня толькі паказвае сябе
— А вам асабіста хто бліжэй — чалавек, які кіруецца хрысьціянскімі запаветамі ў жыцьці, але рэдка ходзіць у царкву (або, можа, і зусім ня ходзіць) ці чалавек, які ходзіць у царкву даволі часта, але пры гэтым робіць ня самыя прыстойныя ўчынкі?
— На гэта ёсьць адказ у Эвангельлі. Бацька кажа двум сынам — пайдзі і зрабі тое. Адзін пагадзіўся, што зробіць, але не пайшоў і не зрабіў. Другі сказаў, што ня пойдзе, але пайшоў і зрабіў. Дык хто выканаў волю бацькі? Зразумела, што другі — які як быццам не паслухаўся, але справу зрабіў. Так што хрысьціянін — гэта той чалавек, які жыве паводле запаведзяў, а ня толькі паказвае сябе.
Наадварот, Хрыстос заўсёды выступае супраць фарысэйства, якое ёсьць крывадушшам, калі чалавек дэкляруе адно, а робіць іншае. І гэта вельмі моцная спакуса ў рэлігійным жыцьці. Калі ты пачынаеш жыць рэлігійным жыцьцём, табе хочацца паказаць, што ты такі царкоўны, і ты зьвяртаеш надта вялікую ўвагу на вонкавыя формы. Пры гэтым застаесься тым жа грэшным чалавекам. А трэба, каб унутры чалавек мяняўся. І адпаведна, гэта будзе адбівацца на ягоных учынках.