Больш за тыдзень шукаюць трох зьбеглых гадаванцаў Магілёўскай спэцвучэльні № 2. 17-гадовыя хлопцы не вярнуліся зь летніку, куды іх адправілі ў якасьці заахвочваньня.
Двое ўцекачоў меліся неўзабаве пакінуць спэцвучэльню
Месьціўся падлеткавы лягер «Возрождение» на самай мяжы з Расеяй — за дзесяць кілямэтраў ад Мсьціслава, на тэрыторыі Пустынкаўскага мужчынскага манастыра. Група з 11 хлопцаў мелася вярнуцца ў спэцвучэльню 31 жніўня, паведаміў Tut.by.
Пра ўцёкі траіх навучэнцаў кіраўніцтву закрытай установы адукацыі стала вядома 30 жніўня. 7 верасьня дырэктар спэцвучэльні Віталь Лебедзеў сказаў, што пошукі зьбеглых працягваюцца. Пра падрабязнасьці гаварыць ня стаў.
У камэнтары Tut.by дырэктар спецвучэльні адзначыў, што двое зьбеглых меліся неўзабаве пакінуць вучэльню. Ён выказаў думку, што іх падбілі на ўцёкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікоў магілёўскай спэцвучэльні затрымалі: пакалечылі непаўналетніх, аднаму зламалі хрыбетШукаць варта ў Расеі
Паводле афіцыйнай інфармацыі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму, уцекачы «наўмысна выехалі на тэрыторыю Смаленскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі. Падлеткі хаваюцца ад супрацоўнікаў унутраных спраў і ўхіляюцца ад праходжаньня навучаньня ў спэцустанове».
Сваячка аднаго з былых навучэнцаў, якая пажадала не называць свайго імя, таксама пацьвердзіла, што такія намеры былі ў хлопцаў, якія зьбягалі з вучэльні летась. Аднак, на яе думку, гэтыя ўцёкі не зьвязаныя з жорсткім рэжымам утрыманьня ў вучэльні ці атмасфэрай у калектыве.
«Як заўжды, ёсьць сярод хлопцаў аўтарытэт, які правакуе на супрацьпраўныя дзеяньні. Адзін з такіх — той, хто павінен езьдзіць цяпер на суды над былым кіраўніцтвам спэцвучэльні», — сказала крыніца.
Адзін навучэнец ужо ўцякаў і меўся езьдзіць на суд
Адзін зь цяперашніх уцекачоў раней сёлета быў прызнаны пацярпелым у справе аб перавышэньні службовых паўнамоцтваў былым дырэктарам спэцвучэльні Алегам Малашкіным, а таксама двума яго намесьнікамі Валерыем Баравіковым і Аляксандрам Доўгім. Гэтую справу цяпер разглядае Чавускі раённы суд. Паводле сьледзтва, службоўцы зьбівалі шасьцярых навучэнцаў, якія ў лістападзе мінулага году самавольна пакінулі тэрыторыю вучэльні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрашчалі выхаваньне». У Чавусах судзяць кіраўнікоў спэцвучэльні за зьбіваньне непаўналетніхШасьцёра навучэнцаў уцяклі з вучэльні 26 лістапада 2017 году. Праз тры гадзіны іх адшукалі і вярнулі назад. Як даведаліся бацькі, іх дзяцей па адным заводзілі ў пакой, дзе не было відэаназіраньня, і трое супрацоўнікаў вучэльні іх зьбівалі. Хлопец з пашкоджаным хрыбетнікам прабыў у шпіталі два тыдні. Навучэнцы настойвалі, што наважыліся на ўцёкі, каб паведаміць міліцыі пра надта жорсткае абыходжаньне ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва. Журналістаў хлопцы запэўнівалі, што ўцякаць больш ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца: гвалт супраць дзяцей ужывалі і раней, кіраўніцтва ўсё ведала«Калі добра ў вучэльні, то чаму нам уцякаць», — казалі пацярпелыя.
Дзяржаўная спэцыяльная прафэсійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу № 2 дрэваперапрацоўкі створаная для «вырашэньня задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрыманьня падлеткаў, якія зьдзейсьнілі грамадзка небясьпечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадзкіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сын параіў не паддавацца ціску». Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца пра ўцёкі навучэнцаў