Яе сын Цімафей разам зь яшчэ пяцьцю хлопцамі ўцёк з вучэльні. Маці сказаў, што пабег учынілі, каб прыцягнуць увагу да жорсткіх умоў утрыманьня ў спэцустанове.
Кіраўнік вучэльні і яго намесьнік арыштаваныя паводле абвінавачваньня ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Сьледзтва высьветліла, што службоўцы білі хлопцаў, высьвятляючы прычыны і абставіны ўцёкаў. Пасьля зьбіцьця аднаго непаўналетняга паклалі ў бальніцу з пашкоджаным хрыбтом. Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада.
Сінякі не сышлі і праз тыдзень
Сын жыхаркі Магілёва Натальлі Варанковай Цімафей таксама быў сярод уцекачоў. Казаў, што пасьля таго, як іх злавілі, супрацоўнікі вучэльні іх зьбілі ў пакоі, дзе не было відэаназіраньня. Ва ўцёках хлопцы правялі тры гадзіны.
17 сьнежня Натальля наведала сына і здолела, калі адлучыўся ахоўнік, пагутарыць зь ім пра інцыдэнт. Сын расказаў, хто і як яго зьбіваў.
«Спачатку білі па нагах, а калі зьбілі з ног, то білі нагамі па тулаве і галаве, — пераказвала сынаў аповед Натальля. — У Сьледчы камітэт сына вазілі на допыт праз тыдзень пасьля здарэньня, і сінякі яшчэ не сышлі. Іх зафіксавалі сьледчыя».
Паводле Натальлі, сын сказаў, што ўцёкі былі спробай паведаміць міліцыі пра надта жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў спэцвучэльні і сваволю кіраўніцтва.
«Цімафей казаў, што свайго яны дамагліся, і параіў, калі будуць ціснуць на мяне, не здавацца, а ісьці да канца», — пераказвала сынавы словы Натальля.
Пра тое, што сын самавольна пакінуў спэцвучэльню, ёй паведамілі ў той жа дзень, 26 лістапада. Яна думала, што Цімафей прывядзе хлопцаў да сябе дамоў, але марна.
На дзяцей аказваецца псыхалягічны ціск
Паводле Натальлі, раней, калі яна прыяжджала да сына, то ён выглядаў прыгнечаным, але думкі, што супраць яго маглі ўжываць гвалт, яна гнала ад сябе.
«Тады я не дакопвалася да канца, — кажа жанчына. — І гэтым разам, калі сыну далі пазваніць і ён сказаў, што яго пабілі, то падумала: перапала крыху, бо ён жа вінаваты. Але насамрэч яго зьбілі так, што ногі былі сінія. А потым іх ноч трымалі пры запаленым сьвятле ў пакоі, і супрацоўнікі пільнавалі, каб яны не садзіліся. На сьняданак павялі пасьля адзінаццаці, каб іх ня бачылі іншыя навучэнцы».
Натальля зьвязвае зьбіваньне непаўналетніх у вучэльні з тым, што супрацоўнікі адчулі сваю беспакаранасьць. Ім здалося, казала жанчына, што яны жывуць у створанай імі ж маленькай дзяржаве.
«У іх быў і свой прэзыдэнт з набліжанымі, якім дазвалялася многае, — тлумачыла яна. — Цяпер жа на дзяцей аказваецца псыхалягічны ціск. Пры ахоўніку на спатканьні сын слова баяўся сказаць. Толькі вачамі паказваў, каб я яго не пытала. Хіба так мусіць быць?».
Натальлі адзін з супрацоўнікаў сказаў: у вучэльні задаволены, што прыбралі дырэктара, а за намесьніка калектыў будзе хадайнічаць перад сьледзтвам, каб яго вызвалілі з-пад варты.
Як кажа Натальля, Цімафея адправілі ў спэцвучэльню на два гады за прагулы школы, а таксама за тое, што злавілі зь півам. За расьпіваньне алькагольных напояў на яго двойчы складалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.
Паводле Натальлі, у сына за паўтара года знаходжаньня ў вучэльні не было заўваг і яму абяцалі ўлетку дзесяцідзённую пабыўку ў сям’і, але такога водпуску ён не дачакаўся.
«Я была на прыёме ў дырэктара, і ён мне сказаў адкрыта: „У нас адпускаюць дамоў тых, хто можа нешта паведаміць, а ваш сын нічога не паведамляў“. Ён даў мне зразумець, што Цімафей меўся стаць стукачом, каб зарабіць пабыўку», — распавядае Натальля.
Хлопца з пашкоджаным хрыбтом далечаць у спэцвучэльні
Яшчэ аднаго навучэнца, жыхара Чэрыкава Андрэя, якога пасьля зьбіваньня з пашкоджаным хрыбтом паклалі ў дзіцячую абласную бальніцу, выпісалі на далечваньне ў мэдсанчастку спэцвучэльні. У хлопца кампрэсійны закрыты пералом першага пазванка паясьнічнага аддзелу. Яго сьпіна ў гіпсе. У палаце ён ляжаў пад наглядам супрацоўніка вучэльні.
Маці пацярпелага Алена Шчаўлікава агледзела ўмовы, у якіх будуць далечваць сына. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды яна сказала, што Андрэя памясьцілі ў «бацькоўскі» пакой, паколькі мэдсанчастка на рамонце. Як і ў бальніцы, ён пад вартай.
Жанчына непакоіцца, што Андрэя могуць перавесьці ў горшы пакой пасьля таго, як яна зьедзе з Магілёва і ня зможа кантраляваць сытуацыю. Алена кажа: гэтак жа думае і сын, які не хацеў вяртацца з бальніцы ў вучэльню. Маці спрабавала атрымаць дазвол на тое, каб Андрэя на час лячэньня перавялі на хатні догляд, але ёй гэтага не ўдалося.
«Мне здаецца, што ўсё, што мне тут паказалі, „паказуха“. У бацькоўскім пакоі два ложкі, канапа, душ, прыбіральня. Паабяцалі, як скончыцца рамонт, то Андрэя адразу перавядуць у мэдсанчастку. Я, аднак, ня веру цяпер ніводнаму слову кіраўніцтва вучэльні. Мне думаецца, як толькі я за вароты, то сына перавядуць у іншае месца, з горшымі ўмовамі», — пасьля наведваньня вучэльні кажа Алена.
Маці пацярпелых: будзем бараніць сваіх дзяцей да канца
Алена Шчаўлікава кажа, што іншыя навучэнцы сустрэлі Андрэя з бальніцы цёпла. Абдымалі яго, цікавіліся, як ён сябе адчувае. Алена ў спэцустанове пабачыла групу пакараных навучэнцаў. Яны былі адзетыя ва ўніформу іншага колеру зь біркамі.
«Іх было нямала і, як высьвятляецца, ня толькі тыя шасьцёра, што ўцяклі, парушалі рэжым», — распавядае жанчына.
Пра зьбіцьцё сына Алена Шчаўлікава даведалася 28 лістапада ад мэдсястры аддзяленьня траўматалёгіі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. З вучэльні пра Андрэевы ўцёкі і траўму ягонай маці не паведамлялі.
У вучэльні Андрэй прабыў месяц. Трапіў у яе, бо парушыў рэжым адбываньня пакараньня за крадзеж. Камісія ў справах непаўналетніх упільнавала, што ён не знаходзіўся дома ў вызначаны час. За гэта яго і адправілі на год у спэцвучэньню.
Натальля Варанкова і Алена Шчаўлікава шукаюць бацькоў яшчэ чатырох зьбітых навучэнцаў. Кажуць, што бараніць інтарэсы сваіх дзяцей будуць да канца. Паводле іх, адміністрацыя ня выбачалася перад імі за зьбіваньне дзяцей.
Сьледчы камітэт: сьведка і пацярпелы актыўна кантактуюць з прэсай. Перашкаджаюць сьледзтву
Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала Свабодзе, што прадстаўнікі ведамства сустракалі з навучэнцамі спэцустановы, а яе затрыманыя кіраўнікі адхіленыя ад службовых абавязкаў на час сьледзтва.
Людміла Высоцкая адзначыла, што пакуль зарана рабіць высновы ў справе, бо не ўстаноўлена, зламаны ці толькі пашкоджаны хрыбет у гадаванца вучэльні, а таксама ня высьветлена, якім чынам ён быў траўмаваны: у вынікі зьбіваньня яго супрацоўнікамі ці калі пералазіў праз агароджу.
Маці зьбітага ў спэцвучэльні хлопца: гвалт супраць дзяцей ужывалі і раней, кіраўніцтва ўсё ведала
У справе перавышэньня паўнамоцтваў узятыя пад варту двое кіраўнікоў спэцвучэльні. Іх імёны не называюцца. Шасьцярых непаўналетніх, як устанавіла сьледзтва, зьбівалі, высьвятляючы прычыны і абставіны ўцёкаў з вучэльні. Затым хлопцаў незаконна памясьцілі ў пакой, абмежаваўшы іх свабоду.
Камэнтуючы хаду расьсьледаваньня справы, афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова выказала занепакой, што адзін з пацярпелых і сьведка, якія былі папярэджаныя пра адказнасьць за выдаваньне зьвестак папярэдняга сьледзтва, надта актыўна кантактуюць з журналістамі.
«Яны паставілі свае подпісы ў адпаведных дакумэнтах, аднак працягваюць расказваць пра вядомыя ім абставіны крымінальнай справы. Эмацыйны стан альбо якіясьці асабістыя прычыны рухаюць гэтым, але ёсьць працэсуальны парадак, і хочацца зьвярнуць увагу на недапушчальнасьць перашкод сьледзтву ў выяўленьні абставін» — працытавала афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Работнік спэцвучэльні: дзяцей каралі за любую правіну
Адзін з работнікаў спэцвучэльні паведаміў, што пад варту ўзятыя дырэктар М. і ягоны намесьнік па рэжыме Б. Суразмоўца адзначыў, што ў працоўным калектыве нэрвознасьці праз расьсьледаваньне зьбіваньня навучэнцаў не адчуваецца.
«Магу сказаць, што нават лячэй стала працаваць, бо напружаньне спала. Няма ранейшага прэсінгу», — сказаў работнік спэцвучэльні, не тлумачачы, што мае на ўвазе.
Зь ягоных слоў, у вучэльні ўтрымліваюцца блізу шасьцідзесяці непаўналетніх. Бальшыня зь іх гадаваліся ў праблемных сем’ях і прызвычаілася да вольніцы.
«Хлопцы, як уцякалі з вучэльні, так і будуць уцякаць, бо яны нібыта тыя вандроўнікі, якіх ловяць пасьля па ўсёй краіне, — адзначыў суразмоўца.
«А тыя шасьцёра кінуліся на ўцёкі, каб расказаць, што іхнае знаходжаньне ў вучэльні невыноснае, — казаў далей мужчына. — За любую правіну іх жорстка каралі. І не аднаго парушальніка, а ўвесь калектыў навучэнцаў. Вучэльня паволі станавілася як турма, але яна лічыцца ўстановай закрытага тыпу і дзяцей у ёй павінны неяк перавыхоўваць. Гэта ня той час, калі ў вучэльні было пад 200 чалавек, а з гэтымі шасьцюдзесяцьцю справіцца, як мне здаецца, можна. Адной абслугі ў вучэльні пад 50 чалавек, таму нескладана зрабіць яе ўзорнай».
Выпускнік вучэльні: навучэнцы ўцякаюць, бо хочуць дамоў
Спэцустанова месьціцца на пэрыфэрыі Магілёва. Яна агароджаная чатырохмэтровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе на ўцёкі адважыліся 34 падлеткі.
Пытаньне пра ўцёкі навучэнцаў з закрытай установы не зьдзівіла аднаго з выпускнікоў, які пажадаў, каб ягонае імя не называлася.
«Калі я вучыўся, то ў самыя вялікія ўцёкі кінуліся амаль 70 чалавек, але калі іх вярнулі ў вучэльню, то каб білі, такога не было. Дырэктар гэтага не дапускаў», — сьцьвярджаў выпускнік вучэльні.
«Зразумейце, там дзеці 13-16 гадоў, якія ўчынілі правапарушэньні, іх забралі з дому, і ім, вядома ж, хочацца дамоў, — казаў ён далей. — Пусьціўшыся на ўцёкі, яны думаюць, што іх ня зловяць і ніхто шукаць ня будзе».
Праваабаронцы: злоўжываньні, бо няма грамадзкага кантролю
Праваабаронцы лічаць, што прычына здарэньня ў спэцвучэльні ў тым, што падобныя ўстановы застаюцца па-за грамадзкім кантролем.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка лічыць, такая сытуацыя стварае небясьпеку злоўжываньняў з боку адміністрацыі, якія застаюцца беспакаранымі. Падлеткі ня маюць магчымасьці зьвярнуцца ў праваахоўныя і кантрольныя органы. Разьлічваць на бацькоў ім таксама не выпадае, бо сувязь зь імі альбо адсутнічае, альбо парушаная.
На яго думку, выпадак са зьбіцьцём падлеткаў у Магілёўскай спэцвучэльні будзе расьсьледаваны. Але становішча, заўважае ён, у навучальных, мэдычных установах ці месцах пазбаўленьня волі ня зьменіцца, паколькі яны застаюцца не падкантрольнымі грамадзтву.
На сайце Дзяржаўнай спэцыяльнай прафэсійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі адзначана, што яно створаная для «вырашэньня задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрыманьня падлеткаў, якія ўчынілі грамадзка небясьпечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадзкіх паводзінаў». У вучэльню накіроўвацца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.
Кіраўнікі вучэльні, якіх падазраюць у зьбіваньні падлеткаў, на сайце ўстановы яшчэ значацца на сваіх пасадах.