Беларуская фэдэрацыя футболу прадставіла абноўленага «Ваяра» — «жывы талісман» нацыянальнай зборнай краіны.
«Ваяр» дызайнам нагадвае пэрсанажаў мультфільмаў і фільмаў «Трансформэры», а таксама бусла — мае крылы адпаведных колераў і чырвоную «дзюбу» на шаломе. Верагодна, «бусьліная» тэма — адсылка да мянушкі каманды «Белыя крылы», якая, у сваю чаргу, адсылае да нарысу «Зямля пад белымі крыламі» Ўладзімера Караткевіча. Маскот «узброены» мячом з чырвоным арнамэнтам на лязе.
Папярэдняя вэрсія «Ваяра» была сярэднявечным рыцарам з чырвоным арнамэнтам на дасьпеху. Прычыны зьмены дызайну не паведамляюцца.
Напярэдадні для зборнай прэзэнтавалі новую форму з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту.
Таксама новы дызайн атрымаў аўботус зборнай: цяпер на ім рэклямуецца беларуская відэагульня World of Tanks.
У прэзэнтацыйным відэа «Ваяра» беларусаў запрашаюць падтрымаць зборную ў матчы супраць Сан-Марына, які пройдзе на менскім стадыёне «Дынама» 8 верасьня ў межах Лігі нацыяў — новага турніру UEFA, створанаму на замену таварыскім матчам і ў якасьці аднаго з адборачных этапаў чэмпіянату Эўропы. Зборная Беларусі ў Лізе нацыяў — у найніжэйшай лізе D, у адной групе зь Люксэмбургам, Малдовай і Сан-Марына.
Цяпер зборная Беларусі займае 78-ю пазыцыю з 211 у рэйтынгу FIFA, Сан-Марына — 203-ю, Малдова — 175-ю, Люксэмбург — 85-ю.