Кіраўнік СК: Сьледчая група ў справе Коржыча зрабіла ўсё магчымае

Сяржанты, абвінавачаныя ў сьмерці Аляксандра Коржыча

Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч перакананы, што ў справе аб гібелі салдата Аляксандра Коржыча будзе дасягнуты прынцып справядлівасьці, піша БелаПАН.

«Я ўпэўнены ў тым, што сьледчай групай зроблена ўсё, што магчыма было ў гэтай сытуацыі, — заявіў Наскевіч у інтэрвію тэлеканалу „Беларусь-1“. — У адрас Міністэрства абароны ўнесеныя адпаведныя акты рэагаваньня. Я спадзяюся, што прыняты адпаведныя жорсткія захады, і хацелася б верыць у тое, што падобныя рэчы паўтарацца надалей ня будуць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За тыдзень да сьмерці быў псыхічна здаровы». Сьцісла пра асноўнае з працэсу ў справе Коржыча

​Паводле кіраўніка СК, у рамках расьсьледаваньня справы Коржыча распачата 10 крымінальных спраў у дачыненьні 13 асобаў, якія тычацца нестатутных адносін у вайсковай часткі ў Печах. Восем спраў ужо накіраваныя ў суд, яшчэ дзьве знаходзяцца на завяршальнай стадыі.

Адказваючы на пытаньне, чаму ў справе не праходзяць старшыя камандзіры, Наскевіч адзначыў, што ў крымінальным праве замацаваны прынцып пэрсанальнай адказнасьці.

«Гэта значыць, з пункту гледжаньня сьледзтва абвінавачваньне прад’яўлена менавіта тым фігурантам, якія, на нашу думку, вінаватыя ў тым, што салдат наклаў на сябе рукі», — сказаў кіраўнік камітэта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра дзедаўшчыну даведаўся ад маці Коржыча». Камандзіра навучальнага цэнтру ў Печах дапыталі ў судзе

«Зразумела, — працягнуў ён, — што трэба гаварыць пра апасродкаваную віну. У сувязі з гэтым наступаюць іншыя віды адказнасьці. У прыватнасьці, камандзір часткі звольнены, камандзір роты таксама прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці — але за тыя злачынствы, якія інкрымінуюцца яму непасрэдна. Рыхтык як і прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці і прапаршчык, і старшына гэтай роты. Зноў жа яму інкрымінуецца менавіта тое, у чым ён вінаваты».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей