У дзень сьмерці салдат, якога 5 верасьня знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Слоніме, зь некім размаўляў па тэлефоне, а пасьля размовы вярнуўся ў кепскім настроі. Што яшчэ вядома пра загінулага салдата тэрміновай службы?
Як стала вядома Свабодзе, салдат паходзіць з Горадзеншчыны. У лістападзе будзе год, як яго прызвалі. Ён служыў у падразьдзяленьні сувязі мэханізаванага батальёна, які знаходзіцца ў стане пастаяннай баявой гатоўнасьці. Такі батальён здольны выканаць у самы кароткі час свае баявыя задачы. У ім вельмі пільны кантроль над асабістым складам.
Са словаў саслужбоўцаў, хлопец у дзень сьмерці карыстаўся таксафонам. З кім размаўляў, невядома. Пасьля размовы вярнуўся ў прыгнечаным настроі, але сваімі думкамі ні з кім не дзяліўся. Неўзабаве яго знайшлі павешаным у так званай «халоднай» капцёрцы — у памяшканьні, дзе захоўваецца інструмэнт для прыбіраньня на вуліцы.
Таксама Свабода даведалася, што ў апошні час у загінулага салдата былі сямейныя праблемы. У яго загінуў айчым, і малодшая непаўнагадовая сястра засталася з маці. Стаяла пагроза, што маці могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў.
Вядома, што цяпер разглядаецца толькі вэрсія суіцыду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдат павесіўся ў Слонімскім гарнізоне. Мінабароны: вайсковая служба ні пры чымМіністэрства абароны Беларусі 6 верасьня пацьвердзіла, што ў адной з частак Слонімскага гарнізону ўчыніў самагубства 20-гадовы шараговец А.В. Арлоў. Яму заставалася служыць крыху больш за паўгода.
Па факце самагубства Сьледчы камітэт распачаў праверку, у вайсковай частцы працуе камісія Мінабароны. Папярэдне Мінабароны сьцьвярджала, што «прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не зьвязаная з праходжаньнем вайсковай службы».
Сайт hronika.by 5 верасьня паведаміў пра самагубства вайскоўца ў частцы 33933 у Слоніме са спасылкай на відавочцаў. Сьцьвярджалася, што хлопец зачыніўся і павесіўся ў памяшканьні, дзе захоўваліся інструмэнты. Прычыны не называліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі салдатаў загінула ў войску пасьля Аляксандра Коржыча. СьпісСправа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.