Скульптуру «Вялікая істота» ўжо некалькі разоў ламалі, але ў ноч на 6 верасьня павалілі.
Аўтар скульптуры Базыль Стахіевіч сказаў Tut.by, што ня будзе аднаўляць або перарабляць скульптуру, а тое, што ад яе застанецца, прыбярэ. Пакуль што ён не ў Беларусі, таму «ня можа паўплываць» на лёс скульптуры. Але мяркуе, што «ўсё гэта нават і добра — прыйшоў час для чагосьці новага».
Мастак з Маладэчна паставіў скульптуру ў мінулым верасьні пасьля фэсту Vulica Brasil. Работа выклікала неадназначную рэакцыю: чытачы таго ж Tut.by называлі яе «чалавек-вагіна» (76% выбралі ў апытаньні такі варыянт; прапаноўваліся таксама «чалавек-скарбонка», «дрэва з дуплом», «сымбіёз бактэрыі, расьліны і чалавека»).
Спачатку ў скульптуры адламалі «рукі» — аўтар прырабіў замест іх галінкі, затым некалькі разоў білі, пакідаючы ўмяціны.
«Работа для таго, каб бывалі такія моманты і пра іх можна было казаць, — казаў Стахіевіч пасьля таго, як скульптуру зламалі першы раз. — Можа, далей яе наагул выкарчуюць і на гэтым месцы зьявіцца магільная пліта з надпісам „Тут была вялікая істота, і людзі яе забілі“».