На працэсе ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча дапыталі больш за дзясятак афіцэраў. Некаторыя зь іх патлумачылі, чаму ў частцы сталі магчымыя пазастатутныя дачыненьні.
На лаве падсудных на судзе ў справе Аляксандра Коржыча няма ніводнага афіцэра, толькі трое сяржантаў ягонай роты. Адзіны затрыманы ў кастрычніку 2017 году лейтэнант, камандзір роты Коржыча Павал Сукавенка, чакае суду па іншых абвінавачваньнях. У справе Коржыча яго дапыталі ў якасьці сьведкі 28 жніўня. Акрамя Сукавенкі, у якасьці сьведак на працэсе выступілі яшчэ каля 10 афіцэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газы», «пракачка», «пераварот» — усё пра дзедаўшчыну ў Печах«Я сам загадваў сяржантам адціскацца»
Старшага лейтэнанта Паўла Сукавенку прызначылі камандзірам роты за некалькі месяцаў да трагічнага здарэньня. Ягоны намесьнік па ідэалягічнай працы, капітан Жарко, нават быў вышэйшым па званьні.
«Я быў не да канца гатовы кіраваць ротай, — прызнаўся падчас допыту Сукавенка. — Па працы з асабістым складам праблем не было. Па арганізацыйнай частцы ўзьнікалі пастаянна. Мне не хапала досьведу».
У падпарадкаваньні Паўла Сукавенкі былі 68 вайскоўцаў сьвежага набору. Як ён паведаміў на працэсе, у жніўні 2017 году быў у адпачынку і нават не пасьпеў з усімі пазнаёміцца. З Коржычам, напрыклад, асабіста камунікаваў толькі аднойчы, калі той зьвярнуўся з просьбай арганізаваць сустрэчу з псыхолягам. Пра грашовыя паборы за магчымасьць карыстацца мабільнікам, наведваць краму і вызваленьне ад заняткаў фізпадрыхтоўкі Сукавенка, паводле яго, нічога ня ведаў. Як і пра начныя адцісканьні ў супрацьгазах і пастаянныя ўдары па нагах і галаве.
«Я сам прымяняў адцісканьні для сяржантаў, — прызнаўся Сукавенка на працэсе. — Магло такое быць. Для дысцыпліны. Аднойчы Вяжэвіч разьбіў Скуратовічу нос (сяржанты Вяжэвіч і Скуратовіч зьяўляюцца абвінавачанымі на працэсе. — РС), быў канфлікт паміж імі. Самога ўдару я ня бачыў, ня ведаў прычыны. Ня ведаў, што рабіць у такім выпадку, і паведаміў пра гэта камандзіру часткі. Той паклікаў сяржантаў, накрычаў на іх. Сказаў больш пра гэты выпадак нікому не расказваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За тыдзень да сьмерці быў псыхічна здаровы». Сьцісла пра асноўнае з працэсу ў справе КоржычаТаксама падчас допыту ў залі суду Сукавенка заявіў, што ня знае ніводнага афіцэра, які б ведаў усе свае абавязкі цалкам. Ягоны намесьнік па ідэалягічнай працы, былы капітан Вадзім Чырко, на судзе выступіў у якасьці сьведкі. Ён адмовіўся назваць прычыну звальненьня з войска (цяпер Чырко працуе ў сфэры гандлю). Барацьба з пазастатутнымі дачыненьнямі ў роце Коржыча ўваходзіла ў прамыя абавязкі Чырко. На судзе ён расказаў, што нічога пра выпадкі дзедаўшчыны ў сваёй роце ня ведаў.
«Праводзіліся пастаянныя ананімныя апытаньні, — расказаў Чырко. — У тым ліку пра пазастатутныя адносіны. Ніхто нічога такога не паведамляў. Мне нічога не было вядома пра факты, якія ўсплылі падчас сьледзтва. Я нічога ня чуў ад салдат пра гэта».
«Ня ведаю, чаму салдаты да мяне не зьвярталіся»
4 верасьня на працэс у якасьці сьведкі зьявіўся падпалкоўнік Аляксандар Чарноў, які летам 2017 году быў кіраўніком часткі, у якой служыў Коржыч. Пааодле яго словаў, рота Паўла Сукавенкі нічым не вылучалася на фоне іншых рот часткі. Чарноў таксама расказаў, што нічога ня ведаў пра начныя адцісканьні і грашовыя паборы ў сваёй частцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта лічылася нармальным». Чаму салдаты зь Печаў не супраціўляліся «дзядам»«Мне невядомыя выпадкі, калі сяржанты атрымлівалі грошы за вызваленьне салдат ад заняткаў, — заявіў падпалкоўнік. — Мне невядомыя факты атрыманьня сяржантамі ўзнагароджваньня ад салдат за дазвол наведаць буфэт. Пра начныя адцісканьні мне таксама ніхто не дакладваў, пра супрацьгазы нічога ня ведаю. Адгазьнікі можна выкарыстоўваць толькі на спэцыяльных занятках».
Як сказаў Чарноў, у частцы Коржыча існавала практыка забароны перамяшчэньня па адным для салдат. Паводле распарадку, яны маглі хадзіць у краму толькі ў свой вольны час (з 18 да 19 гадзін) і толькі групай у суправаджэньні сяржанта. Падпалкоўнік заявіў у залі суду, што пра шматлікія факты парушэньняў статутных дачыненьняў сяржантамі роты Коржыча даведаўся толькі ад сьледчых, якія зьбіралі матэрыялы ў справе аб сьмерці салдата.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён ня мог павесіцца сам». Што мы даведаліся за першы тыдзень разгляду справы Коржыча. Коратка«Чаму ў адным падразьдзяленьні ўзьнікла столькі парушэньняў, я ня ведаю, — сказаў Чарноў. — Пра факты пазастатутных адносінаў там мне ніхто не дакладваў. У частцы неаднаразова праводзілася ананімнае анкетаваньне. Фактаў пазастатутных адносінаў яно ня выявіла. Калі б да мяне падышоў вайсковец і паведаміў пра такі факт, я быў бы абавязаны зрабіць запіс аб гэтым і правесьці службовае расьсьледаваньне».
Паводле Чарнова, ён ня ведае, чаму салдаты да яго не зьвярталіся. Яны мелі магчымасьць таксама пакінуць ананімнае паведамленьне ў адмысловай скрыні, аднак там таксама было пуста.
«Ня ведаю, чаму салдаты кажуць, што ня бачылі сэнсу ў зваротах да кіраўніцтва часткі, — сказаў Чарноў. — У ротах былі ўсе нашы тэлефоны, тэлефоны КДБ. Яны маглі зьвяртацца».
«Асноўная прычына — самаўхіленьне камандзіра роты ад абавязкаў»
Адзіным супрацоўнікам Міністэрства абароны, якога дапыталі на працэсе Аляксандра Коржыча, пакуль зьяўляецца Юры Горбік. Пасаду намесьніка кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства абароны па ідэалёгіі ён заняў ужо пасьля сьмерці вайскоўца, у лістападзе 2017 году. Па словах Горбіка, яго папярэднік пакінуў пасаду з прычыны ўзросту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За час маёй службы гэта трэці выпадак». На судзе па справе Коржыча дапыталі вайсковага псыхоляга«Мая думка, што асноўнай прычынай (пазастатутных дачыненьняў у роце Коржыча. — РС) стала самаўхіленьне камандзіра роты. Ён перадаў свае паўнамоцтвы сяржантам, што і стала прычынай таго, што адбылося. Гэта сур’ёзны збой ва ўсёй сыстэме. Ня толькі ў роце, але і ў камандаваньні роты».
Горбік таксама расказаў у судзе, што пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча ў арганізацыі працы ў прадухіленьні дзедаўшчыны ў войску было шмат зьменаў.
«Быў вялікі рэзананс, — заявіў супрацоўнік Мінабароны. — Цяпер усе тэлефоны Сьледчага камітэту, усе нумары пракуратуры даступныя вайскоўцам. Яны ёсьць на адмысловых стэндах у ротах. Да сяржантаў давялі інфармацыю пра формы пазастатутных адносінаў, пра адказнасьць за іх. Шарагоўцы таксама праінфармаваныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошнія словы Коржыча да маці: «Я буду сам ваяваць з гэтай арміяй»Разам з тым Горбік заявіў на судзе, што, паводле яго ўласнага досьведу расьсьледаваньня выпадкаў пазастатутных адносінаў і суіцыдальных выпадкаў у войску, прычын у іх шмат.
«І часта адна з прычын можа знаходзіцца за межамі вайсковай часткі», — заявіў прадстаўнік Мінабароны.
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.