Беларуская рэжысэрка Вольга Дземка, якая цяпер жыве ў ЗША, выклала на Youtube фрагмэнт фільма «Песьні старой Эўропы — старажытныя беларускія народныя песьні», у якім за пяць хвілінаў пераказваецца гісторыя беларускіх земляў, ад часоў Полацкага княства да нашых дзён.
Відэа ёсьць на ангельскай мове…
…і на беларускай.
Стужка «Песьні старой Эўропы» была прадстаўленая 9 красавіка ў амэрыканскім Сыэтле, два гады таму арымала прэмію Міжнароднага канадзкага кінафэстывалю.
Як расказала Tut.by Вольга Дземка, яна вырашыла, што на такія гістарычныя экскурсы сярод іншаземцаў «маецца попыт», таму і выклала ў вольны доступ фрагмэнт фільму.
Пакуль што поўны фільм выйшаў толькі на дысках, іх можна купіць на сайце «Песень» ці ў этнакраме «Рагна» ў Менску. Неўзабаве ён мае зьявіцца і ў інтэрнэце, але пакуль дакладнай даты няма.
Гэта ня першая спроба кароткага відэапераказу гісторыі Беларусі. Так, у 2011 годзе кампанія «Будзьма беларусамі» прадставіла аднайменную песьню і мультыплікацыйны кліп — якраз на пяць хвілінаў (тут з ангельскімі субтытрамі). Толькі на Youtube розныя відэа той песьні маюць сумарна звыш 700 тысяч праглядаў. Рэжысэрка таго кліпу працягвае рабіць мультфільмы, якія зьбіраюць узнагароды, цяпер жыве таксама ў ЗША.
«Кароткай гісторыяй Беларусі» таксама назваў свой сольны альбом Алесь Дзянісаў, вядомы па гуртах Dzieciuki, «Людзі на балоце» і «Кальян». Гурт Dzieciuki тым часам піша новы альбом, які, як і два папярэднія, будзе прысьвечаны гісторыі Беларусі.