Аляксандар Лукашэнка 5 верасьня падпісаў указ (PDF) аб уганараваньні 120 чалавек рознымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Большасьць зь іх — мэдалі «За працоўныя заслугі» або званьні «Заслужаных працаўнікоў» розных галінаў.
Як адзначае Tut.by, мэдалямі «За адзнаку ў ахове грамадзкага парадку» былі ўзнагароджаныя сьледчы ў асабліва важных справах Аляксандар Сямёнік і старшы сьледчы Ігар Макушэнка — першы ўзначальвае, а другі ўваходзіць у сьледчую групу «справы БелТА», большая частка фігурантаў якой — журналісты парталу Tut.by.
За што менавіта ўзнагародзілі сьледчых (ці за «справу БелТА», ці за папярэднія справы), не паведамляецца. Мэдаль могуць даваць за ліквідацыю злачынных груповак, «умела арганізаваныя і ажыцьцёўленыя дзеяньні» для прадухіленьня і раскрыцьця злачынстваў, высокую выніковасьць дзейнасьці, актыўную дапамогу органам унутраных справаў у ахове грамадзкага парадку.
Разам з названымі сьледчымі ўзнагародзілі такімі ж мэдалямі начальніка менскіх сьледчых Яўгена Архірэева і кіраўніцу аддзяленьня «Беларусбанку» ў Магілёве Алену Бурсаву (на тое аддзяленьне ў 2017 годзе быў узброены напад).
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.