Абарончы мур горадзенскага старога замка з боку Нёмана пачалі закладаць цэглай. Краязнаўцы абураюцца, што «сьцяну Вітаўта» схаваюць. Але гэтыя працы ўзгодненыя Міністэрствам культуры.
5 верасьня горадзенскі краязнаўца Яўген Аснарэўскі напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што «помнік мяжы XIV–XV стагодзьдзяў, па некаторых зьвестках, будзе ўзяты ў своеасаблівы саркафаг з таннай цэглы, якую яшчэ паверх атынкуюць».
Як стала вядома Свабодзе, разглядалася некалькі варыянтаў аднаўленьня гэтага фрагмэнту муру. Каб паўтарыць так званую вэндзкую муроўку, трэба было захаваць чаргаваньне каменю і адмысловай цэглы. Першапачаткова цэглу нетыповага памеру меліся вырабляць на індывідуальную замову.
Аднак пасьля разьлікаў высьветлілася, што такі варыянт выйшаў бы прынамсі ў тры разы даражэйшы за звычайную цэглу.
Пакласьці сьцяну толькі з бутавага каменю бяз цэглы таксама выходзіла даражэй, да таго ж гэта парушала б прынцыпы рэстаўрацыі, паколькі кладка не паўтарала б арыгінальную. Акрамя таго, паводле праекту гэты фрагмэнт будзе патынкаваны. Таму вырашылі зэканоміць і выкласьці ўчастак са звычайнай цэглы.
Абарончы мур горадзенскага старога замка з боку Нёмана краязнаўцы адносяць да часоў князя Вітаўта (XIV–XV стагодзьдзі). На пачатку жніўня рабочыя разабралі яго з дапамогай будаўнічай тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні з адбойнікам разабралі фрагмэнт «сьцяны Вітаўта» ў Старым замку. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каралеўскі замак у Горадні рэканструююць з пэрфаратарам. Тлумачым, што адбываецца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Горадня некалькі год існуе траўмаванай». Шэсьць яскравых прамоваў пра Стары замак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Руйнуюць гісторыю Рэчы Паспалітай». Польшча занепакоілася рэканструкцыяй Старога замка ў Горадні