На паседжаньні Грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве інфармацыі 4 верасьня аднагалосна ўхвалілі праекты пастаноў Савету міністраў, неабходных для працы абноўленага закону аб СМІ, а менавіта:
- «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу»;
- «Аб пытаньнях распаўсюду прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі і ўнясеньні зьменаў у некаторыя пастановы Савету міністраў».
На момант публікацыі праекты дакумэнтаў не апублікаваныя.
На сустрэчу не запрасілі прадстаўнікоў Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдакцыяў Tut.by і Onliner, піша сайт незалежнай журналісцкай арганізацыі.
У адказ на гэта БАЖ будзе прасіць:
- Перадаць для азнаямленьня праекты прынятых пастаноў.
- Далучыць «прадстаўнікоў журналісцкай супольнасьці» да распрацоўкі гэтых дакумэнтаў.
У склад Грамадзка-кансультацыйнай рады пры Міністэрстве інфармацыі ўваходзяць:
- міністар інфармацыі Аляксандар Карлюкевіч,
- намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі,
- дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін;
- начальнік упраўленьня электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Мінінфарму Ўладзімер Рабаволаў;
- прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» і іншыя.
Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ
Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.
Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:
- пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
- абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
- абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.
Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.
Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.