Кіраўнікі грамадзка-палітычнага руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў трапілі на прыём да нядаўна прызначанага кіраўніком Міністэрства эканомікі Дзьмітрыя Крутога — самага маладога міністра ва ўрадзе Сяргея Румаса (яму 37 гадоў).
Як сказаў у камэнтары для Свабоды Андрэй Дзьмітрыеў, першым станоўчым уражаньнем ад знаёмства з чыноўнікам стала ягоная візытоўка — там быў пазначаны мабільны тэлефон. Ніколі дагэтуль дзяржаўныя службоўцы не дзяліліся пэрсанальнымі зьвесткамі.
«Сучасны адэкватны, эўрапейскі чыноўнік, зь якім прыемна мець справу», — канстатаваў сустаршыня «Гавары праўду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крутая кар’ера Крутога. Міністэрства эканомікі ўзначаліў адзін з наймаладзейшых міністраў у гісторыі БеларусіКараткевіч: ад дэкрэтаў і ўказаў да ўстойлівага заканадаўства
«Вельмі добрая атрымалася размова, — дадае Тацяна Караткевіч. — Нас найперш цікавіла, якія бачыць пэрспэктывы для эканомікі каманда абноўленага міністэрства, асабліва ў прыцэле малога і сярэдняга бізнэсу. Мы акрэсьлілі шэраг праблемаў, на якія варта зьвярнуць увагу, пакінулі свае прапановы для абмеркаваньня».
Найперш, словамі Тацяны Караткевіч, бізнэсоўцы скардзяцца ня незразумелае заканадаўства, пры якім немагчыма прагназаваць сваю дзейнасьць. Прапанова «Гавары праўду» — перайсьці ад дэкрэтаў і ўказаў да ўстойлівага заканадаўства, якое абмяркоўваецца ў грамадзтве і падчас адкрытых слуханьняў прымаецца парлямэнтам. Перастаць прымаць законы за зачыненымі дзьвярыма без уліку інтарэсаў саміх суб’ектаў бізнэс-права.
Па-другое, акцэнтаваліся на няроўных умовах для дзейнасьці бізнэсу, залежна ад формы ўласнасьці. Дагэтуль заціскаецца фэрмэрскі рух, не стымулююцца прыватныя гаспадаркі. Дзяржава і ўлада на месцах стварае неканкурэнтныя ўмовы, таму малы бізнэс разьвіваецца надзвычай марудна. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да карупцыі, перавышэньня чыноўнікамі службовых паўнамоцтваў і г.д.
Па-трэцяе, зьвярнулі ўвагу на партрэт малога прадпрымальніцтва, якое з аб’ектыўных прычынаў не маладзее. Дзеля гэтага ўжо са школы варта ўкараняць адукацыйныя праграмы, каб у бізнэс-працэсы інтэграваць як мага большую колькасьць моладзі. Маладыя людзі не павінны баяцца, што іх ініцыятыва ня будзе пачутая дзяржавай.
«За гадзіну ўсе тэмы не абмяркуеш, таму засяродзіліся на тым, як ажывіць рэгіёны, якія патрэбны ўмовы, каб самі людзі пачалі ствараць працоўныя месцы, — адзначыў Андрэй Дзьмітрыеў. — Павінна быць грунтоўная праграма, у тым ліку з тым, як заахвоціць дзеля гэтага ўладу. У прыватнасьці, прапанавалі, каб падаткі ад мясцовага бізнэсу пакідалі ў мясцовым бюджэце, нават не ў раённым. Каб была матывацыя спрыяць перадусім сваім прадпрымальнікам, а ня проста даваць справаздачу перад цэнтрам».
Дзьмітрыеў: за ініцыятыву трэба не караць, а ціснуць руку
Паводле Андрэя Дзьмітрыева, міністру эканомікі было прапанавана арганізаваць супольна з грамадзкасьцю парлямэнцкія слуханьні па рэалізацыі дэкрэту № 7: многія законы нядрэнна прапісаныя, але іх практычная рэалізацыя кульгае «на дзьве нагі».
У сваю чаргу, Дзьмітры Круты падтрымаў ідэю грамадзка-дзелавых радаў у рэгіёнах, якія маніторылі б сытуацыю і дапамагалі з самазанятасьцю. Таксама абмяркоўвалася магчымасьць стварэньня «інкубатараў», адкуль можа ўзяць старт малы бізнэс.
Сам Андрэй Дзьмітрыеў на прыём да міністра прыйшоў з цацачным самалётам кітайскай вытворчасьці, купленым у Беларусі. Зь непрыхаваным намёкам на тое, чаму беларускія прадпрыемствы ня робяць аналягічную прадукцыю?
«Я прыйшоў у кабінэт, паказаў гэты самалёт. Сказаў, што, пакуль купляў яго для свайго дзіцяці, пагутарыў з прадавачкай. Жанчына зьдзіўлялася: прадаю ўсё кітайскае, а чаму ня могуць беларусы? Намінальны кошт такой цацкі ў Кітаі — паўдаляра, тут прадаюць у 10 разоў даражэй! Зразумела, чаму так: калі кітаец хоча нешта зрабіць, яму ня трэба 3 гады чакаць дазволаў. Ёсьць магчымасьці — вырабіў, прадаў. Тры крокі. А ня трыста. Міністар пагадзіўся і запэўніў, што якраз разглядаецца магчымасьць удвая скараціць колькасьць працэдураў ліцэнзаваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская ўнікальная мадэль» дайшла да лягічнага тупіку, — ЧалыДзьмітры Круты пагадзіўся, што на «старых магутнасьцях» сёньня далёка не заедзеш. Каб рэалізаваць дзяржаўную ўстаноўку давесьці ВУП да 100 мільярдаў даляраў, трэба прырастаць на 5-6% штогод. Пры існай эканамічнай мадэлі праблема наскрэбці нават 2%.
Толькі разьняволеньне прыватнай ініцыятывы дазволіць стаць у адзін шэраг зь разьвітымі дзяржавамі. Як пераконвае Андрэй Дзьмітрыеў, у гэтым іх погляды з кіраўніком Міністэрства эканомікі цалкам супадаюць.
Прынамсі, скончыў размову міністар на аптымістычнай ноце: «Важна зрабіць усё, каб беларусы нарэшце прачнуліся і паверылі ва ўласныя сілы».
Чалавек і грамадзянін мусіць адчуваць павагу і падтрымку, падсумоўвае Андрэй Дзьмітрыеў. Калі за ініцыятыву будуць не караць, як гэта было доўгі час, а ціснуць руку.