Прызначаны кіраўніком Міністэрства эканомікі Дзьмітры Круты — адзін з самых маладых кіраўнікоў ведамства за ўсю сувэрэнную гісторыю Беларусі, яму 37 гадоў. Меней на момант прызначэньня на пасаду міністра культуры было толькі Паўлу Латушку — 36.
Імклівая кар’ера Крутога
Дзьмітры Круты нарадзіўся 10 студзеня 1981 году ў Бялынічах на Магілёўшчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт (2003) і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце (2010).
Пачынаў працаваць у альма-матэр інжынэрам катэдры эканомікі і кіраваньня на прадпрыемствах хімічна-ляснога комплексу, вучыўся ў асьпірантуры гэтага ўнівэрсытэту (пра абарону дысэртацыі зьвестак няма, у базе Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ягонага аўтарэфэрату бракуе).
Цягам 2004–2006 гадоў — галоўны эканаміст сэктару арганізацыі аплаты працы і цэнаўтварэньня ўпраўленьня эканомікі і інвэстыцыяў Міністэрства лясной гаспадаркі.
У 2006 годзе перайшоў у Міністэрства эканомікі, але па-ранейшаму адказваў за лясную галіну — быў намесьнікам начальніка галоўнага ўпраўленьня аграпрамысловага і ляснога комплексу.
У 2014 годзе быў прызначаны намесьнікам міністра эканомікі, ад студзеня 2017 году — першы намесьнік міністра эканомікі.
Стане меней любаваньня марксізмам-бальшавізмам
Эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук у цэлым станоўча ацэньвае прызначэньне міністрам эканомікі функцыянэра новай генэрацыі.
«Гэта хоць чалавек і новы, але можна прагназаваць, што ягоныя падыходы будуць розьніцца ад таго, што рабілі папярэднікі — Зіноўскі, а яшчэ раней Зінчанка, — лічыць Раманчук. — Прынамсі трэба меркаваць, што ў 37 гадоў будзе менш любаваньня марксізмам-бальшавізмам, чым у тых людзей, якія былі да яго. Дый Лукашэнку наўрад ці патрэбны чарговы міністар, які будзе казаць, як добра было ў Савецкім Саюзе. Сёньня неабходна зусім інакш ставіцца да эканамічнай палітыкі. І ў яго атрымаецца, калі ён пачне актыўна кансультавацца з экспэртнай супольнасьцю, зь дзелавым асяродкам».
Стаўка на інавацыйныя праекты
Дзьмітры Круты ня так часта зьяўляўся ў публічнай прасторы, адна з апошніх заяваў датуецца канцом чэрвеня 2018 году, калі ў праграме «Галоўны эфір» на БТ ён сказаў, што ў пэрспэктыве эканоміка Беларусі плянуе прырастаць «вышэй за сярэднесусьветныя паказьнікі» — а яны сёньня на роўні 4%.
«Драйвэрамі на ўнутраным рынку сталі аднаўленьне даходаў насельніцтва, прыток інвэстыцыяў і паляпшэньне тэмпаў раздробнага таваразвароту, — адзначаў Дзьмітры Круты ў рангу першага намесьніка міністра эканомікі. — Сёньня галоўнае — захаваць нізкі ўзровень інфляцыі (не вышэйшы за 5% за год), стабільны курс рубля і падтрымку золатавалютных рэзэрваў на роўні 7-8 мільярдаў даляраў».
Таксама Дзьмітры Круты ўдакладніў, што ў эканамічным разьвіцьці стаўка робіцца на інавацыйныя праекты, ведамства апякуецца прыкладна сотняй такіх know-how. Іх задача — забясьпечыць узровень даданага кошту на роўні эўрапейскіх краін і стварыць блізу 10 тысяч высокапрадукцыйных працоўных месцаў.