Бесьпілётнік ледзь не сутыкнуўся з самалётам «Белавіі» пад Менскам

Чалавек з дронам тыпу «крыло». Ілюстрацыйнае фота

Сьцьвярджаецца, што небясьпечна блізка да самалёта падляцеў апарат з размахам крылаў у 2 мэтры і вагой у 3–5 кг.

Пры заходзе на пасадку 14 жніўня ў раёне Заслаўскага вадасховішча экіпаж самалёта кампаніі «Белавія» Boeing 737-500 заўважыў на небясьпечна малой дыстанцыі бесьпілётнік. Цяпер, піша Dev.by, здарэньне разьбірае камісія з удзелам вайскоўцаў.

Лётчык сьцьвярджае, што на момант, калі ён заўважыў бесьпілётнік тыпу «крыло» (то значыць, не апарат зь некалькімі прапелерамі, а нешта зьнешне падобнае да маленькага самалёта), «Боінг» быў на вышыні звыш 1200 мэтраў, рухаўся на хуткасьці ў 400 км/гдз, да дрона было ўсяго 15–20 мэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі прапанавала дазволіць зьбіваць дроны ў забароненых зонах

Прадстаўнік Упраўленьня Ўзброеных сілаў па выкарыстаньні паветранай прасторы Сяргей Воўчак кажа, што ў апісаных умовах лётчык мог разглядзець колер і тып або форму апарату — з атрыманага апісаньня камісія зрабіла выснову, што бесьпілётнік меў вагу ў 3–5 кг і размах крылаў каля 2 м.

Іншы прадстаўнік Упраўленьня Герман Аляксандраў кажа, што гэта «цуд, што сутыкненьня не адбылося» — маўляў, калі экіпаж наогул пабачыў такі апарат, то ён знаходзіўся вельмі блізка.

Паводле правілаў для авіямадэляў, запускаць дроны можна на вышыню да 100 мэтраў, і тое не паўсюль. Для запускаў на большую вышыню трэба падаваць заяўку на выкарыстаньне паветранай прасторы, а гэта доўга і дорага. Апарат, які ледзь не сутыкнуўся з «Боінгам», верагодна, ня меў адмысловых сродкаў ідэнтыфікацыі, якія перадалі бы авіядыспэтчарам зьвесткі пра палёт, і быў занадта малы для лякатараў.​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над паловай Новага замку ў Горадні нельга запускаць дроны. 10 «беспалётных неспадзяванак»

За парушэньне правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы можа, паводле артыкулу 18.41 КаАП РБ, пагражаць папярэджаньне або штраф да 20 базавых велічыняў (490 рублёў).

Намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі бесьпілётнай авіяцыі Глеб Бандарык мяркуе, што ўладальнік таго дрона сьвядома ішоў на парушэньне — на такую вышыню аматар наўрад ці падняў бы апарат.

Ён дадае, што ў сытуацыі ў пэўнай ступені вінаватыя і тыя, хто марудзяць з прыняцьцем адпаведных рэглямэнтаў для бесьпілётнікаў. Дэпартамэнт па авіяцыі анансаваў адзіныя правілы палётаў дронаў яшчэ ў траўні, не прадставіў праект дагэтуль. Dev.by сьцьвярджае, што праект правілаў распрацаваны, неўзабаве яго маюць прадставіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць дастаўляць пошту з дапамогай дронаў