Лідэры незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік падалі апэляцыйныя скаргі на вырак суду Савецкага раёну Менску, які прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі (ухіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).
24 жніўня прафсаюзным лідэрам прысудзілі 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу з забаронай на працягу 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.
«Штучныя „доказы“ суду супярэчаць ня толькі законам Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднаму заканадаўству. Таму ў скарзе мы просім спыніць гэтую крымінальную справу», — цытуе Генадзя Фядыніча сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».
З заклікам перагледзець прысуд і спыніць крымінальны перасьлед Фядыніча і Комліка выступіла праваабарончая супольнасьць Беларусі і міжнародныя арганізацыі.
Міжнародныя прафсаюзы «разглядаюць у якасьці палітвязьняў» лідэраў прафсаюзу РЭП
Абсэрваторыя ў абарону праваабаронцаў лічыць, што захады ўладаў парушаюць Канстытуцыю дзяржавы і міжнародныя абавязаньні Беларусі ў галіне правоў чалавека, абвінаваўчыя прысуды мусяць быць адмененыя па выніках апэляцыі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders перакананая, што перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іх мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека. Улады Беларусі павінны неадкладна адмяніць прысуды і цалкам аднавіць свабоду актывістаў.
З патрабаваньнем перагледзець пакараньне лідэрам незалежнага прафсаюзу РЭП зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя прафсаюзы «разглядаюць у якасьці палітвязьняў» лідэраў прафсаюзу РЭПСправа РЭП. Што важна ведаць
- Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году.
- Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах РЭП.
- Прафсаюзным актывістам выстаўленыя абвінавачаньні ва «ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» — 23 тысячы рублёў.
- Паводле гэткага ж артыкула (ч. 2 арт. 243 КК) у 2011 г. праваабаронцу Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванаю».
- Сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
- Праваабаронцы, якія ўважліва сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах незразумелых і таямнічых працэдураў.
- 24 жніўня судзьдзя суду Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады абмежаваньня свабоды без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (гэтак званай «хатняй хіміі»).