На судзе ў справе Коржыча дапытаюць былога камандзіра навучальнага цэнтру ў Печах

Канстанцін Чарнецкі, архіўнае фота

Хадайніцтва аб гэтым падаў пракурор. Допыт Канстанціна Чарнецкага можа адбыцца ўжо заўтра.

Палкоўнік Канстанцін Чарнецкі быў звольнены з пасады кіраўніка 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў Печах у канцы кастрычніка 2017 году, праз два тыдні пасьля таго, як у падвале мэдыцынскай роты было знойдзенае цела Аляксандра Коржыча.

На сваёй пасадзе Чарнецкі прабыў менш за год — з пачатку сьнежня 2016-га. Загад аб звальненьні Чарнецкага з пасады падпісаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Маці загінулага салдата Сьвятлана Коржыч перад пачаткам працэсу заяўляла, што хацела б бачыць Чарнецкага на лаве падсудных сярод іншых абвінавачаных.

Хадайніцтва аб выкліку былога начальніка Аб’яднанага навучальнага цэнтру ў суд падаў пракурор. Даставіць Чарнецкага для апытаньня могуць ужо ў сераду 5 верасьня.

4 верасьня на працэсе працягваецца допыт афіцэраў з часткі Коржыча. Першым паказаньні дае былы начальнік 3-й школы, у якой служыў Коржыч, Аляксандар Чарноў.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.