У беларускіх крамах зноў глёбусы з «расейскім Крымам»

Глёбус з «расейскім Крымам» у вітрыне адной з магілёўскіх кнігарняў (архіўнае фота 2016 году)

Глёбусамі, на якіх Крым пазначаны ў складзе Расеі, а Абхазія і Паўднёвая Асэтыя адасобленыя ад Грузіі, зноў гандлююць у беларускіх крамах. Глёбусы са зьвесткамі, якія супярэчаць пазыцыі афіцыйнага Менску, заўважаны на паліцах другі раз за два гады.

Два гады таму ў беларускім продажы зьявілася такая прадукцыя польскай вытворчасьці, а цяпер — расейскай. У Беларусі глёбусы не вырабляюць, даведалася Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чый Крым? Вайна глёбусаў дакацілася да Беларусі

Чаму прадаюць прадукцыю, ня згодную зь беларускай пазыцыяй

У Магілёве глёбусы з «расейскім Крымам» заўважыў ва ўнівэрмагу блогер Яўген Глушкоў.

«Я хачу, каб такія дэструктыўныя матэрыялы прыбралі з крамаў нашага гораду», — кажа ён.

У адміністрацыі ўнівэрмагу на пытаньне, чаму ў іх прадаецца такая прадукцыя, паабяцалі адказаць пісьмова. У прыватных жа гутарках супрацоўнікі крамы тлумачаць, што вырабляецца яна ў Расеі.

«Глёбус — сувэнірная прадукцыя, дакумэнты пацьвярджаюць гэты статус. Такая прадукцыя рэалізуецца ў кожным рэгіёне Беларусі, таму мы з усімі гандлёвымі аб’ектамі ў роўных умовах і не парушаем заканадаўства і правілаў гандлю», — казалі ва ўнівэрмагу.

Такія самыя глёбусы, як у Магілёве, прадаюцца і ў сталічных крамах канцылярскіх тавараў.

Якая афіцыйная пазыцыя Беларусі па Крыме, Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі

На дзяржаўным узроўні Беларусь не прызнала анэксіі Крыму і незалежнасьці Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі. Пра гэта не аднойчы заяўляў Аляксандар Лукашэнка удакладняла пазыцыю ў гэтым пытаньні і Міністэрства замежных спраў.

— «Украіна мае быць адзінай. Мы, беларусы, у гэтым зацікаўленыя, і асабіста я», — казаў Аляксандар Лукашэнка ў 2014 годзе на інагурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

Глёбус з Крымам у складзе Ўкраіны (архіўнае фота)

Мінгандлю рэкамэндавала пазьбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расеі

Галоўная рэдактарка РУП «Белкартаграфія» Галіна Ляхава патлумачыла Свабодзе, што глёбусаў прадпрыемства не выпускае, а вось на ўсіх мапах Крым пазначаны як тэрыторыя Ўкраіны.

«Па рэкамэндацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі мы паказваем Крым у складзе Ўкраіны. То бок тое, што не прызнаецца Генэральнай асамблеяй ААН, МЗС і ўрадам Беларусі, мы адлюстроўваем як украінскую тэрыторыю. У сувязі з тым, што і да нас зьвяртаюцца з пытаньнем пра пазначэньне Крыму на глёбусах, Міністэрства гандлю рэкамэндавала ўсім гандлёвым аб’ектам пазьбягаць продажу прадукцыі, дзе Крым пазначаны як тэрыторыя Расеі», — сказала Свабодзе прадстаўніца «Белкартаграфіі».

Паводле яе, паўплываць на сытуацыю з продажам глёбусаў з расейскім Крымам можа «тое ж Міністэрства гандлю, бо яму даведзена такая ж устаноўка, што і нам».

Вітрына магілёўскай кнігарні (архіўнае фота)

«Калі мы ствараем вучэбныя атлясы, мапы, мы робім прыпіску: „Генэральная асамблея ААН не прызнае зьмяненьня статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым“. Так што прыпісачка такая ёсьць», — сказала Галіна Ляхава.

Калі б была замова Мінадукацыі на выраб глёбусаў, Крым падпісвалі б гэтак жа, як і на мапах — як тэрыторыю Ўкраіны, запэўніла Свабоду галоўная рэдактарка «Белкартаграфіі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упраўленьне гандлю Магілёўскага аблвыканкаму: «Крым украінскі!»

«Наладзьце выраб беларускіх глёбусаў»

Тым часам Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запатрабавала ад Міністэрства адукацыі забараніць продаж глёбусаў і іншай картаграфічнай прадукцыі са зьвесткамі, якія супярэчаць афіцыйнай пазыцыі Рэспублікі Беларусь. Партыйцы даводзяць: такія глёбусы і мапы выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і ўводзяць у зман беларускіх грамадзян. Сацыял-дэмакраты патрабуюць наладзіць выраб глёбусаў у Беларусі.

Старшыня партыі Ігар Барысаў чакае ад Міністэрства, што яно дасьць навучальным установам рэкамэндацыі наконт выкарыстаньня глёбусаў «зь не беларускай пазыцыяй».

У 2016 годзе «небеларускія глёбусы» зьніклі з продажу

У 2016 годзе Ігар Барысаў ужо дамагаўся, каб з продажу зьнялі прадукцыю, зьвесткі, якой не адпавядалі афіцыйнай пазыцыі Беларусі. Тады гандляры адказнасьць за глёбусы «з расейскім Крымам» ускладалі на вытворцу — польскую фірму «Zachem-Głowala».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская фірма адказала Свабодзе, чаму прадае глёбусы з расейскім Крымам

На запыт Свабоды яе дырэктар Кшыштаф Главала аргумэнтаваў выраб такой прадукцыі тым, што фірма працуе з расейскімі партнэрамі, а «расейскі ўрад зацьвердзіў Крым як тэрыторыю Расеі». Паводле яго, гэтыя глёбусы ня мелі патрапіць на беларускі рынак, аднак ягоныя беларускія кліенты самі выбіралі, якую прадукцыю набываць.