Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі ня ведаюць чый Крым


У Магілёўскім гарвыканкаме ня ведаюць чый Крым. Гэта вынікае з адказу ідэолягаў на зварот намесьніка старшыні Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава.

Партыец паспрабаваў высьветліць, чаму ў гарадзкіх кнігарнях і крамах канцылярскіх тавараў прадаюць глёбусы, на якіх Крым пазначаны часткай Расеі. У сваіх зваротах да ўпраўленьняў ідэалягічнай працы і гандлю ды паслугаў актывіст запатрабаваў, каб гэтую прадукцыю зьнялі з продажу.

«Каб яны ня ўводзілі ў зман пакупнікоў, бо Беларусь афіцыйна не прызнае анэксіі Крыму Расеяй і гэта неаднойчы падкрэсьліваў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка», — даводзіў чыноўнікаў сваю пазыцыю Ігар Барысаў.

«Пытаньні зьнешняй палітыкі не ўваходзяць у кампэтэнцыю ўпраўленьня. Для тлумачэньня пытаньняў, зьвязаных з вывучэньнем фактараў і тэндэнцыяў міжнароднага разьвіцьця, міжнароднага становішча, са зьнешняй і ўнутранай палітыкай замежных дзяржаваў, вызначэньне прыярытэтаў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці вы можаце зьвярнуцца ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь», — адпісалі партыйцу ідэолягі з Магілёўскага гарвыканкаму.

Што да адказу з упраўленьня гандлю і паслуг гарвыканкаму, то паводле Ігара Барысава, чыноўнікі паведамілі яму, што яны накіравалі запыт у Міністэрства замежных спраў Беларусі для «вырашэньня пытаньня».

«Ідэолягі гарвыканкаму проста самаўхіліліся ад адказу на мой зварот, — камэнтуе адказы чыноўнікаў сацыял-дэмакрат.

«Яны самі, калі ня ведалі, што адказаць, мусілі зьвярнуцца ў МЗС, а не раіць мне гэтага рабіць. Хто як не ідэолягі, паводле цяперашняга дзяржаўнага ладу, мусяць тлумачыць людзям, якая палітыка дзяржавы адносна розных сытуацыяў. Калі гэта ня так, то гэтае ўпраўленьне трэба расфармаваць».

«Буду чакаць адказу зь Міністэрства замежных спраў, куды адправілі запыт чыноўнікі з упраўленьня гандлю», — заключае Ігар Барысаў.

Глёбусы з «расейскім Крымам», якія прадаюць у Магілёве, вырабленыя польскай фірмай «ZACHEM-GŁOWALA». На запыт Свабоды дырэктар фірмы Кшыштаф Главала адпісаў, што «лёс Украіны не абыякавы для нас», «мы ня згодныя з анэксіяй Крыму Расеяй, паважаем рашэньне Польшчы і Эўрапейскага Зьвязу і не прызнаем збройнай акупацыі і анэксіі сувэрэннай тэрыторыі Ўкраіны — Крыму Расейскай Фэдэрацыяй».

Аднак нягледзячы на такія заявы кіраўнік польскай фірмы адзначыў:

«На працягу многіх гадоў мы працуем з кампаніямі ў Расейскай Фэдэрацыі і супрацоўніцтва заўсёды працякала без праблем. Мы ўмоўна прынялі, што не павінны ўмешваць палітычныя пытаньні ў нашае супрацоўніцтва, і пакуль усё складаецца добра.

яны штампуюць расейскамоўныя глобусы для Расеі, і ў іх сфэру інтарэсаў трапляюць краіны-сатэліты Расеі, якія маюць другую мовы расейскую

У той час, калі Расея зьдзейсьніла анэксію Крыму, мы атрымалі інфармацыю ад нашых кліентаў з Расеі, што расейскі ўрад зацьвердзіў Крым як тэрыторыю Расеі і таму яны павінны замаўляць глёбусы з расейскім Крымам, бо таго хоча рынак і яны хочуць прадаваць на расейскім рынку такія глёбусы, іначай павінны зьмяніць пастаўшчыка глёбусаў».

На думку Ігара Барысава на беларускі рынак глёбусы з «расейскім Крымам» трапілі праз асаблівасьць моўнай сытуацыі ў Беларусі. Афіцыйна адной зь дзяржаўных моваў Беларусі лічыцца расейская, тлумачыць партыец, а глёбусы расейскамоўныя, таму і прадаюцца ў беларускіх кнігарнях.

«Для польскіх вытворцаў рынак Беларусі замалы. Ён непараўнальны з расейскім. Таму яны штампуюць расейскамоўныя глёбусы для Расеі, і ў іх сфэру інтарэсаў трапляюць краіны-сатэліты Расеі, якія маюць другую мовы расейскую. Маўляў няхай і яны набываюць, нягледзячы на тое, што іх дзяржавы не прызнаюць анэксіі Крыма. Як кажуць: «Бізнэс ёсьць бізнэнс», — выказвае меркаваньне намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG