3 верасьня каля ўваходу ў рэстарацыю «Поедем поедим» у Курапатах, закрыцьця якой дамагаюцца актывісты розных партый і грамадзкіх арганізацый, прайшла прэсавая канфэрэнцыя.
Актывісты падвялі вынікі 3 месяцаў змаганьня з уласьнікамі сеткі забаўляльных установаў па ўсім Менску і абвясьцілі, што на адмысловым сходзе 9 верасьня вырашаць, ці варта пікетаваць далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцаў Курапатаў Вінярскага і Ўрбановіча пакаралі «суткамі» за вахту 1 верасьняНародны байкот: без партыйных рознагалосьсяў
«Мы бачым сама меней чатыры важныя плюсы ад нашых дзеяньняў, — адзначыў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які ад пачатку бярэ ўдзел у пікетаваньні. — Але ёсьць і мінусы, таму мы вырашылі разам з шырокім колам грамадзкасьці вызначыцца, ці трэба надалей праводзіць пікетаваньне рэстарацыі, або, можа, зьмяніць фармат пратэсту на іншы».
Паводле Паўла Севярынца, галоўнае дасягненьне — тое, што тысячы людзей цяпер ведаюць праўду пра Курапаты, месца гібелі дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
«Пра Курапаты маўчала афіцыйная прапаганда, вельмі мала зьвестак пра гэтую трагедыю атрымліваюць нашы школьнікі і студэнты, мы ўсё гэта адчулі на сабе. Таму тое, што ўдалося ініцыяваць новую хвалю гэтай інфармацыі, мяркую, вельмі істотна. Магчыма, гэта самае важнае».
Палітык мяркуе: нягледзячы на супрацьстаяньне і абмежаваныя магчымасьці, удалося разгарнуць народны байкот рэстарацыі, пабудаванай побач з Курапатамі — і гэта другое важнейшае дасягненьне пікетоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец: «Кампанія супраць рэстарану „Поедем поедим“ актывізуецца зь верасьня»«Рэстарацыю па-ранейшаму наведваюць за дзень усяго некалькі чалавек. Мінулі тры месяцы, а яна далёкая ад камэрцыйнага посьпеху, фактычна рэстарацыя — банкрут. Што таксама надзвычай важна», — сказаў Павал Севярынец.
Таксама ён называе станоўчым момантам тое, што на глебе пратэсту ўдалося аб’яднаць намаганьні дэмакратычных партый і арганізацый, сярод якіх існуюць рознагалосьсі.
«Абарона Курапатаў — справа сьвятая, і мы цяпер бачым, што яна абʼядноўвае», — канстатуе Павал Севярынец.
Чацьвёртым плюсам кампаніі ён бачыць падвышэньне грамадзкай актыўнасьці ў Курапатах.
«Сталі больш усталёўваць крыжоў, больш людзей прыносяць кветкі, нават прыяжджае больш замежных дэлегацый. На гэта мусіць станоўча рэагаваць і ўлада», — сказаў Павал Севярынец.
Фармат пікетаваньня: зьмяніць ці пакінуць
Пры гэтым актывіст прызнаў, што абаронцы Курапатаў сутыкнуліся з шэрагам цяжкасьцяў.
«Гэта як рэпрэсіі з боку дзяржаўных праваахоўных органаў, гэтак і неразуменьне важнасьці такой справы з боку часткі простых людзей. Таму мы вырашылі правесьці ў Курапатах сход, на якім сумесна вырашыць: ці варта далей праводзіць пікетаваньне ды якія формы пратэсту абраць. Калі на сход прыйдуць сотні людзей, дык будзе зразумела, што гэтая справа неабыякавая грамадзкасьці. А калі два дзясяткі абаронцаў, якія ўжо 3 месяцы ахвяруюць сабой, — зусім іншае», — падкрэсьліў Павал Севярынец.
Сход у Курапатах прызначаны на 16 гадзіну 9 верасьня. Абаронцы праінфармавалі пра гэта ўлады Менскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пэрсанальны байкот» абвешчаны 35 чыноўнікам, пастаўшчыкам, наведнікам рэстарацыі «Поедем поедим»Пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» адбываецца штодзённа на працягу трох месяцаў. Пікетоўцы ад 12 гадзіны дня да вечара не прапускаюць на тэрыторыю комплексу аўтамабілі і раздаюць наведнікам буклеты пра ўрочышча, а таксама агітуюць не наведваць рэстарацыю.
За 3 месяцы на пікетоўцаў агулам складзена больш за 200 пратаколаў. Дзясяткі разоў актывістаў затрымлівалі, штрафавалі і каралі адміністрацыйнымі арыштамі. Пікетоўцы дамагаюцца закрыцьця рэстарацыі, якая адпачатку знаходзілася ў ахоўнай зоне. Тая зона пазьней была адкарэктавана; пікетоўцы лічаць, што гэта зьвязана з карупцыяй. Акрамя таго існаваньне рэстарацыі каля Курапатаў, на думку пікетоўцаў, супярэчыць усім правілам маралі.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.