67 краін вырабляюць трансгенныя прадукты, Беларусь толькі экспэрымэнтуе

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі няма масавай вытворчасьці генэтычна мадыфікаванай прадукцыі. Пра гэта сказаў журналістам 3 верасьня галоўны навуковы сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Кільчэўскі.

Ён удакладніў, што беларускія навукоўцы займаюцца толькі дасьледчай працай па трох кірунках: вытворчасьць бульбы, рапсу і вырошчваньне трансгенных козаў.

Козы з «малаком жанчыны»

Найбольш прасунутая сытуацыя з козамі. У Жодзіне існуе спэцыяльная фэрма на 500 галоў, дзе выпускаецца малако, якое па сваіх якасьцях нагадвае жаночае. Амаль усё казінае малако замарожваецца, а не ідзе ў продаж. Гэтак ствараецца банк замарожанага малака. У плянах няма задачы павялічваць альбо зьмяншаць пагалоўе гэтага статку.

«500 козаў — нармальная колькасьць статку», — сказаў дырэктар Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі НАН Беларусі Руслан Шайко. Ён дадаў, што гэта супольны беларуска-расейскі праект у рамках гэтак званай Саюзнай дзяржавы, які існаваў два гады: «Аднак цяпер расейцы неяк прытармазілі».

Паводле Аляксандра Кільчэўскага, цяпер 67 краін занятыя падобнай вытворчасьцю, плошча палёў у сьвеце складае 190 мільёнаў гектараў. Найбольш папулярная такая вытворчасьць у ЗША, Бразыліі, Індыі. Палова ўсёй трансгеннай прадукцыі — гэта соя, 30% — кукуруза.

Вытворчасьць генэтычна мадыфікаваных прадуктаў у сьвеце абгрунтоўваюць найперш дзьвюма рэчамі. Па-першае, такія расьліны больш устойлівыя да насякомых. Па-другое, яны даюць больш высокі ўраджай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё, што вы хацелі ведаць пра ГМА

Генэтычна мадыфікаваныя чыпсы

Што да Беларусі, то тут не выпускаюцца прадукты, якія можна залічыць да генэтычна мадыфікаваных. Калі яны і зьяўляюцца, то пераважна імпартаваныя. Большасьць такіх тавараў паступае з Кітаю: часьцей за ўсё яны сустракаюцца ў бургерах, рыбных палачках, чыпсах. На прадукцыі абавязкова павінна быць адпаведная маркіроўка.

Паводле беларускіх стандартаў, доля мадыфікаваных інгрэдыентаў у агульнай колькасьці асноўнага прадукту ня можа перавышаць 0,9%. Для кантролю якасьці існуюць 18 адмысловых лябараторый.

Дзецям і цяжарным жанчынам ужываць генэтычна мадыфікаваную прадукцыю ў Беларусі не рэкамэндавана, — дадаў Аляксандар Кільчэўскі.