Справу аб сьмерці салдата Менскі абласны суд разглядае ўжо 18 дзён, аднак пакуль ня змог высьветліць усе акалічнасьці трагедыі.
Разгляд справы аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачалі 8 жніўня. З таго часу судзьдзя толькі аднойчы рабіў перапынак на дзень. У сярэднім паседжаньні цягнуцца па 6 гадзін. Абвінавачаньне прадстаўляюць два пракуроры, якія вядуць працэс па чарзе. Кожны з трох абвінавачаных сяржантаў мае свайго адваката, пацярпелая Сьвятлана Коржыч таксама прыходзіць у суд з адвакаткай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апошнія словы Коржыча да маці: «Я буду сам ваяваць з гэтай арміяй»За 18 дзён працэсу суд апытаў больш за 50 пацярпелых ад дзеяньняў абвінавачаных сяржантаў салдат, а таксама каля 20 іншых сьведак — афіцэраў, лекараў, былых саслужыўцаў Коржыча. Коратка расказваем вам пра асноўныя падзеі працэсу.
Эпізод з крадзяжом затвора
Праз тры тыдні пасьля пачатку працэсу на судзе пачалі даваць паказаньні афіцэры, якія праходзяць у справе Коржыча ў якасьці сьведак. У залю былі выкліканыя старшы лейтэнант Сяргей Ермачэнка, былы камандзір роты Коржыча, старшы лейтэнант Павел Сукавенка і намесьнік камандзіра роты па ідэалягічнай працы капітан Вадзім Чырко. Зь іх траіх толькі Ермачэнка працягвае служыць у іншай частцы. Сукавенку даставілі ў залю суду ў кайданках, суд над ім (артыкул за перавышэньне ўлады) пачнецца прыкладна празь месяц. Чырко звольніўся з войска неўзабаве пасьля сьмерці Коржыча, цяпер працуе ў сфэры гандлю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ты яго давёў!» Чаму саслужыўцы Коржыча ня вераць у вэрсію з самагубствамНіхто з апытаных афіцэраў не змог патлумачыць суду акалічнасьцяў зьнікненьня Коржыча і прычын яго сьмерці. Як сказаў на допыце Вадзім Чырко, загінулы скардзіўся яму на боль у сэрцы і прасіў дапамагчы сустрэцца з псыхолягам, што было выканана празь нейкі час. Ні камандзір роты Сукавенка, ні іншыя афіцэры нічога не расказалі пра пазастатутныя адносіны. Па іх словах, ніхто з салдатаў ніколі на такія рэчы ім ня скардзіўся, пра зьдзекі і вымаганьне сяржантаў яны ня ведалі.
Пры гэтым падчас допыту старшага лейтэнанта Ермачэнкі «ўсплыў» эпізод з крадзяжом затвора аўтамата Калашнікава, які ўчынілі абвінавачаныя сяржанты Вяжэвіч і Бараноўскі. Як расказаў судзьдзі Ермачэнка, за некалькі месяцаў да сьмерці Коржыча ён заўважыў у сяржанта Бараноўскага смартфон, якім той карыстаўся пасьля адбою. Ермачэнка забаронены мабільнік у сяржанта забраў і схаваў у свой сэйф, а праз тыдзень у аднаго з салдат ягонай роты падчас абеду зьнік затвор ад аўтамата. Крадзеж выявіўся падчас здачы зброі на захоўваньне. Літаральна праз паўгадзіны пасьля гэтага да Ермачэнкі прыйшоў Бараноўскі і прапанаваў памяняць затвор на канфіскаваны тэлефон. Ермачэнка пагадзіўся. Падчас разбору на судзе салдаты, якія былі сьведкамі крадзяжу затвора, расказалі, што яго забралі Вяжэвіч і Бараноўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне сорамна, прабачце». На судзе ў справе Коржыча дапыталі сьведку — прапаршчыка ВірбалаАкрамя афіцэраў, на працэсе ў якасьці сьведкі таксама выступіў былы прапаршчык Коржыча Артур Вірбал, справа якога таксама выведзеная ў асобнае справаводзтва. Вірбал патлумачыў, што на просьбу загінулага салдата карыстаўся ягонай плястыкавай карткай — здымаў грошы за тэрыторыяй часткі і набываў прадукты. Паводле Вірбала, ён пазычыў з карткі 45 рублёў са згоды Коржыча, аднак вярнуў грошы ў сярэдзіне жніўня. Ужо на працэсе Вірбал папрасіў у Сьвятланы Коржыч прабачэньня за тое, што пазычаў грошы ў яе сына. «Мне сорамна, — сказаў Вірбал. — Але я не рабіў нічога крымінальнага. Проста дапусьціў памылку».
«Псыхічна здаровы»
30 і 31 жніўня на працэсе выступілі псыхоляг і два псыхіятры, якія размаўлялі з Коржычам незадоўга да яго сьмерці. Маёр Натальля Петраскова працуе псыхолягам у аддзяленьні ідэалягічнай працы 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтра ў Печах, куды ўваходзіць былая частка Коржыча. Яна расказала, што ў жніўні-верасьні 2017 году ў частцы загінулага салдата псыхоляга не было, яна пайшла ў дэкрэтны водпуск. Таму размаўляць з Коржычам, а пасьля вазіць яго ў Барысаў і Менск да псыхіятраў прыйшлося ёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За час маёй службы гэта трэці выпадак». На судзе па справе Коржыча дапыталі вайсковага псыхоляга«Яму была патрэбна псыхалягічная дапамога, — расказала пра Коржыча Петраскова. — Ён хацеў размаўляць. Мы гутарылі пра ягоныя прыватныя справы, не пра службу. Глыбокай дэпрэсіі не было. Аляксандар скардзіўся на дрэнны сон, адсутнасьць апэтыту, разгубленасьць».
Як стала вядома на працэсе, маёр Петраскова вазіла Коржыча на прыём да псыхіятраў у Барысаў і Менск. Абое лекары, якія размаўлялі з загінулым салдатам, на працэсе катэгарычна заявілі, што Коржыч за тыдзень да сьмерці быў псыхічна здаровы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коржыч прасіў аб размове з псыхолягам». Што расказаў на судзе ротны афіцэр загінулага салдата«Калі б нешта ў яго было, я б заўважыла, — заявіла на працэсе псыхіятар менскага Вайсковага шпіталя Ніна Бубенчык. — Як мінімум мы б выклікалі яго яшчэ раз. Каб адрозьніць псыхічна хворага чалавека ад здаровага, шмат часу не трэба. Гэта адразу відаць. Коржыч не спрабаваў ухіліцца ад службы. Сымуляцыі таксама не было. Я ня так часта пішу ў дыягназе „псыхічна здаровы“. Толькі калі я цалкам упэўненая ў гэтым».
«Коржыч хацеў працягваць службу ў арміі, нават быў крыху зьдзіўлены, што яго прывезьлі да псыхіятра, — расказаў на працэсе яшчэ адзін псыхіятар, Павел Зарэцкі. — Ён скардзіўся толькі на боль у сэрцы. Не гаварыў пра пазастатутныя адносіны».
«Гэта вельмі складаны суіцыд»
Праз адсутнасьць некаторых сьведак судзьдзя крыху зьмяніў працэдуру разгляду справы і дазволіў у перапынках паміж допытам сьведак пачаць агучваць матэрыялы справы.
У першых жа тамах пракурор вылучыў некалькі пратаколаў агляду месца здарэньня. Зь іх вынікае, што цела Коржыча было знойдзенае ў падвальным памяшканьні будынка мэдыцынскай роты памерамі прыкладна 1 м у шырыню, 3 м у даўжыню і каля 2,4 м у вышыню. У памяшканьні не было сьвятла, прасоўваць пятлю ў кавалак арматуры на столі, паводле вэрсіі сьледзтва, Коржычу давялося з дапамогай запальнічкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Салдат ў Печах «знойдзены ў пятлі з рамяня, зь перавязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай»З матэрыялаў справы таксама вынікае, што ў памяшканьні не было крэсла, табурэта альбо нейкага іншага падобнага прадмета. Каб дабрацца да пятлі, салдату прыйшлося абапірацца аб сьцены нагамі і сьпінай. Пры гэтым перад суіцыдам загінулы зьняў зь сябе майку, пасьля чаго зашпіліў вопратку на ўсе гузікі, майку разарваў і абвязаў вакол сваёй галавы. Таксама загінулы дастаў шнуркі зь берцаў і завязаў ногі адным зь іх.
«Для пацыента, які ўчыніў суіцыд, гэта былі вельмі складаныя дзеяньні, — пракамэнтавала апісаную працэдуру вайсковы псыхіятар Бубенчык. — Вельмі складаны суіцыд. Вельмі шмат лішніх дзеяньняў. Гэта маё суб’ектыўнае меркаваньне».
29 жніўня на працэсе дапыталі аднаго з асноўных сьведак — сяржанта Андрэя Зайца, які знайшоў труп Аляксандра Коржыча ўвечары 3 кастрычніка. Высьветлілася, што Заяц быў асуджаны ў траўні 2018 году за злоўжываньне ўладай, атрымаў тры гады пазбаўленьня волі. Ён сьцьвярджае, што з Коржычам знаёмы ня быў, хоць, паводле паказаньняў іншых сьведак зь ліку салдатаў, Заяц зьдзекаваўся з загінулага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зайшоў у падвал і ўбачыў труп», — на судзе даў паказаньні сяржант, які знайшоў мёртвага Коржыча«Коржыча я знайшоў, калі стаяў у нарадзе на пасту кантролю на ўезьдзе ў мэдычную роту, — расказаў Заяц. — Звычайная служба ў нарадзе. Перад тым, як яго здаць, я пайшоў у падвал, каб узяць інструмэнт (каб парадкаваць на пасту. — РС). І ўбачыў там чалавека, які вісеў. Убачыў, што яго рукі сінія. Значыць, ён быў мёртвы.
Вярнуўся назад і зьвязаўся зь дзяжурным з мэдычнай роты. Калі ён прыбыў, я адвёў яго туды ў падвал. Потым мы выйшлі, дзяжурны пачаў званіць начальнікам. Выклікалі ўсіх. Прыехаў СК з Барысава, мяне дапыталі. Пасьля гэтага адпусьцілі. Больш нічога не магу расказаць».
Калі чакаецца вырак?
На працэсе засталося дапытаць яшчэ каля дзясятка сьведак, пасьля чаго пракурор працягне агучваць матэрыялы справы. Пакуль невядома, ці адбудзецца допыт абвінавачаных сяржантаў. У другі дзень працэсу яны адмовіліся даваць паказаньні. Калі гэтае рашэньне ня зьменіцца, на працэсе агучаць пратаколы допытаў абвінавачаных, дадзеныя імі падчас сьледзтва. Паводле папярэдніх ацэнак, вырак у справе Коржыча будзе вынесены не раней за пачатак кастрычніка.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.