Марадона павіншаваў з народзінамі Лукашэнку ў інстаграме. Але кіраўніка Беларусі там няма

Дыега Марадона

Аргентынскі футбаліст Дыега Марадона ў сваім інстаграм-акаўнце павіншаваў з народзінамі кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

​«Не перастаю віншаваць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку з днём нараджэньня і дзякаваць яму за тое, што даў мне прастору для працы ў ягонай краіне. На наступным тыдні маю распачаць сваю дзейнасьць на чале „Дынама-Берасьце“», — напісаў Марадона ў віншаваньні.

Аляксандар Лукашэнка ня мае афіцыйных акаўнтаў у сацыяльных сетках. У сакавіку ён казаў, што ўстрымліваецца заводзіць інстаграм праз «вялікую адказнасьць», пісала БелТА.

У траўні Дыега Марадону прызначылі старшынём праўленьня «Дынама-Берасьце». 58-гадовы Марадона будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця клюбу, узаемадзейнічаць зь ягонымі структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй берасьцейскага «Дынама».

Меркавалася, што аргентынец прыступіць да выкананьня паўнамоцтваў пасьля заканчэньня футбольнага чэмпіянату сьвету ў Расеі ў ліпені. Першы візыт Марадоны ў Берасьце адбыўся 16 ліпеня, каб пазнаёміцца з камандай. Мясцовае «Дынама» на вачах свайго новага кіраўніка прагуляла «Шахцёру» зь лікам 1:3.

Аляксандру Лукашэнку сёлета споўнілася 64 гады. У 2009 годзе Лукашэнка заявіў, што нарадзіўся не 30-га, а 31-га жніўня, у адзін дзень з малодшым сынам Мікалаем. Дату нараджэньня выправілі ў афіцыйных біяграфіях.