«Чэлсі» прыедзе ў Барысаў згуляць з БАТЭ ў Лізе Эўропы

Футбаліст «Чэлсі» Давідэ Дзапакоста, архіўнае фота

Берысаўскі футбольны клюб БАТЭ трапіў у групу L у Лізе Эўропы разам з ангельскім «Чэлсі», грэцкім ПАОК і вугорскім «Відзі». Гульні будуць праходзіць з 20 верасьня да 13 сьнежня.

«Чэлсі» лічыцца наймацнейшым у групе, у мінулым сэзоне каманда заняла 5-е месца ў ангельскай Прэм’ер-лізе і ўзяла Кубак Англіі, пяць гадоў таму перамагла ў Лізе Эўропы, а шэсьць гадоў таму — у Лізе чэмпіёнаў.

ПАОК у мінулым сэзоне заняў 2-е месца ў чэмпіянаце Грэцыі і другі раз запар узяў Кубак краіны. «Відзі», што лічыцца слабейшым за БАТЭ ў футбольных рэйтынгах, у мінулым сэзоне стаў чэмпіёнам Вугоршчыны (у 1985 годзе пад назвай «Відэатон» даходзіў да фіналу продка Лігі Эўропы, Кубку УЭФА, ды прайграў 1:3 мадрыдзкаму «Рэалу»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінспорту патрабуе забясьпечыць яўку на футбольны матч Лігі Эўропы ў Менску

Клюб з Барысава выйшаў наўпрост у групавы этап праз паразу нідэрляндзкаму ПСВ у адборы да Лігі чэмпіёнаў. БАТЭ быў у адным «кошыку» з гішпанскім «Рэал Бэтыс», азэрбайджанскім «Карабахам», харвацкім «Дынама Загрэб», швайцарскім «Цурыхам», нямецкім «Ляйпцыгам», маскоўскім «Спартаком».

Да групавога этапу не дайшлі беларускія клюбы «Дынама» зь Менску, «Дынама» зь Берасьця і «Шахтар» з Салігорску: першы ў трэцім кваліфікацыйным раўндзе прайграў пецярбурскаму «Зеніту» (пасьля перамогі дома 4:0 прайграў 1:8 у гасьцях), другі — у тым жа раўндзе грэцкаму «Апалёну» (прайграў 0:4, пасьля перамог 1:0), трэці — у другім кваліфікацыйным раўндзе познаньскаму «Леху» (1:1 дома, 1:3 у гасьцях).