На магілёўскім «Хімвалакне» — «аптымізацыя», зьбіраюцца звольніць 700 працаўнікоў

«Магілёўхімвалакно»

На найбольшым у Магілёве прадпрыемстве складаюць сьпісы працаўнікоў, зь якімі адміністрацыя ня мае намеру працягваць кантракты.

Прэтэндэнты на звальненьне — тыя, у каго канчаецца кантракт і хто пэнсійнага ўзросту

На магілёўскім «Хімвалакне» зьбіраюцца звольніць больш за 700 работнікаў. Праз паўгоду зь цяперашніх 5779 працоўных застанецца пяць тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чароўнае слова «пэнсія»

Пра гэта Свабодзе распавялі супрацоўнікі прадпрыемства. Яны сьцьвярджаюць, што адміністрацыя ўжо загадала кіраўніцтву падразьдзяленьняў вызначыць, каго звольніць.

Сярод прэтэндэнтаў на звальненьне — працаўнікі, у якіх канчаецца кантракт, ды тыя, хто дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Чаму патрэбна масавае звальненьне, адміністрацыя работнікам не тлумачыць.

Звальненьне — «аптымізацыя працоўнага працэсу»

У кіраўніцтве кампаніі масавыя звальненьні аргумэнтуюць «аптымізацыяй працоўнага працэсу і зьмяншэньнем выдаткаў прадпрыемства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗ, МТЗ, Беларуськалій... Прамысловыя гіганты звальняюць рабочых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прамысловасьць Беларусі за апошнія 5 гадоў абвалілася па ўсіх пазыцыях — ад трактароў да ровараў. Адной карцінкай

«„Хімвалакно“ — стратнае і трымаецца на датацыях. Абсталяваньне старое і вымагае мадэрнізацыі. Нямала цэхаў пустуюць, — кажа пра сытуацыю на прадпрыемстве адзін з мэнэджэраў. — Пасьля разгрому, які наладзіў Лукашэнка ў Воршы, кіраўніцтва „Хімвалакна“ занепакоена, што ён прыедзе і сюды, таму ўзялося наводзіць парадак. Фарбуюць будынкі на тэрыторыі, выкошваюць траву».

Паводле суразмоўцы, да сярэдзіны 1990-х гадоў на «Хімвалакне» разам з работнікамі сацыяльнай сфэры працавала 25 тысяч чалавек. Цяпер у пяць разоў менш.

«Канкрэтных лічбаў яшчэ няма, — сказаў Свабодзе прадстаўнік заводзкай адміністрацыі. — Але, безумоўна, аптымізацыя колькаснага складу мусіць адбывацца не на шкоду вытворчасьці і задачам, якія стаяць перад прадпрыемствам».

«Белнафтахім»: разглядаюцца магчымасьці

У канцэрне «Белнафтахім», у які ўваходзіць магілёўскае прадпрыемства, настойваюць, што канчатковага рашэньня пра звальненьні няма, а толькі «разглядаюцца магчымасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для беларусаў парадак важнейшы за іхныя правы, але зь дзяржавай лепей ня зьвязвацца, — апытаньне

«Там сёлета завяршаецца вялікі праект аднаўленьня магутнасьцяў, і, зразумела, будуць пэўныя перастаноўкі. Магчыма, са старой вытворчасьці людзі пяройдуць на новую», — сказала Свабодзе прадстаўніца канцэрну Марыя Касьцючэнка.

Паводле яе, інфармацыя пра зьмены бліжэйшым часам будзе паведамленая калектыву.

Лукашэнка: «Нікога нельга крыўдзіць»

У 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў бізнэс-плян разьвіцьця магілёўскага прадпрыемства. Тады гаворка ішла пра інвэстыцыі ў 208 мільёнаў эўраў. Ён паабяцаў, што ў 2020 годзе «Хімвалакно» будзе «абсалютна новым прадпрыемствам», з запатрабаванай прадукцыяй на рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жабкі былі сінія», — жыхары магілёўскага прыгараду абураюцца хімічнымі заводамі

«Кіраўніку (Пятру Рудніку, РС) сказана, што з „Хімвалакна“ не павінен быць выкінуты на вуліцу ніводзін чалавек, які хоча працаваць. Толькі калі чалавек выходзіць на пэнсію натуральным чынам. Але нікога нельга пакрыўдзіць», — запэўніваў калектыў Лукашэнка.

Як ратавалі «Хімвалакно» раней

Аб праблемах лідэра магілёўскай прамысловасьці ўпершыню публічна было заяўлена ў траўні 2010 году. Тады прызналі, што прадпрыемству не хапала сыравіны, якую пастаўлялі з Расеі. Дзеяньні расейскага боку ацэньваліся як парушэньне міжурадавых пагадненьняў. Спэцыялісты адзначалі, што пасьля распаду Савецкага Саюзу «Хімвалакно» доўгі час заставалася закладнікам старых эканамічных сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магілёўхімвалакно»: за крызіс расплачваюцца працаўнікі

У канцы 2014 году за правал мадэрнізацыі звольнілі генэральнага дырэктара «Хімвалакна» Сяргея Пузевіча. Тады адзначалася, што ў прадпрыемства ўклалі 200 мільёнаў даляраў, але гэта не паўплывала на ягоную працу.

Замест Пузевіча прызначылі былога кіраўніка Магілёўскай вобласьці Пятра Рудніка. Яму даручалася вывесьці прадпрыемства з заняпаду. У адным зь першых сваіх інтэрвію ён адзначыў, што найгалоўнейшая задача — выбавіць прадпрыемства ад татальнай сыравіннай залежнасьці.

Пётар Руднік, архіўнае фота

Акцыянэрнае таварыства «Магілёўхімвалакно» — буйны вытворца хімічных паўфабрыкатаў, а таксама поліэфірных валокнаў і нітак. Прадукцыю пастаўляе ў 27 краінаў. Асноўны рынак збыту — Расея. Пабудавалі прадпрыемства 45 гадоў таму.

У 1997 годзе прадпрыемства падпала пад антыдэмпінгавыя санкцыі Эўракамісіі. Іх скасавалі ў 2007-ым.