Дакумэнты аб дэнансацыі дамовы аб сяброўстве з Расеяй гатовыя, — кіраўнік МЗС Украіны 

Паўло Клімкін

Дакумэнты аб скасаваньні дамовы аб сяброўстве з Расеяй ужо гатовыя, — пра гэта заявіў у Кіеве кіраўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Паўло Клімкін.

«Гэтыя дакумэнты ўжо падрыхтаваныя, увесь пакет, пра гэта магу сказаць... У бліжэйшыя дні мы ўнясем яго фармальна», — анансаваў міністар.

Клімкін не сумняецца, што расейскі бок парушыў усе палажэньні пагадненьня.

«Расея, па-першае, парушыла ўсё, што магчыма, у гэтай дамове, пачынаючы з прэамбулы, усе артыкулы. Па-другое, вядома, ёсьць юрыдычны бок, палітычны, але ёсьць і эмацыйны бок. Пра якое сяброўства, пра якое супрацоўніцтва можа ісьці гаворка?», — сьцьвярджае ён.

28 жніўня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што чакае ад МЗС неабходны пакет дакумэнтаў для пачатку працэсу спыненьня Дамовы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і партнэрстве паміж Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй.

Гэты дакумэнт, падпісаны ў 1997 годзе, цяпер зьяўляецца дзейным. Ён, сярод іншага, прадугледжвае, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласнасьць адзін аднаго і пацьвярджаюць непарушнасьць існуючых паміж імі межаў», а таксама «будуюць адносіны адзін з адным на аснове прынцыпаў узаемнай павагі сувэрэннай роўнасьці, непахіснасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай».

Дакумэнт быў заключаны на дзесяць гадоў — у 2008 годзе яго дзеяньне было аўтаматычна падоўжана. Каб разарваць дамову, Украіна павінна афіцыйна паведаміць пра гэта Расеі не пазьней чым за шэсьць месяцаў да заканчэньня чарговага дзесяцігадовага пэрыяду — гэта значыць да кастрычніка 2018 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парашэнка: МЗС Украіны рыхтуе дакумэнты для скасаваньня дамовы аб дружбе з Расеяй

У сакавіку 2014 Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму парушэньнем міжнароднага права і асудзілі дзеяньні Расеі як незаконныя, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Крэмль адмаўляе анэксію паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль пракамэнтаваў ідэю разрыву Дамовы аб дружбе паміж Украінай і Расеяй

Ад красавіка 2014 пасьля расейскай анэксіі Крыму на тэрыторыі Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай агрэсіі і падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль, нягледзячы на шматлікія доказы, абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Па дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.