Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч пачуўся пакрыўджаным і пашкоджаным у здароўі праз газэтную публікацыю. Як вынікае зь ягонай судовай позвы, нашкодзілі Ізраілевічу газэта «Новы час» і яе аўтар Дзяніс Івашын публікацыяй датычнасьці бізнэсоўца да скандальнага рэстарана «Поедем, поедим» у Курапатах.
Праўда, хутка выявілася, што сп. Ізраілевіч у здароўі пашкоджаны ня надта моцна, бо здолеў знайсьці ў сабе сілы, каб заатакаваць і пабіць абаронцу Курапатаў (таму давялося выклікаць хуткую).
Пэўна, да спадара Ізраілевіча пачынае тое-сёе даходзіць адносна рэаліяў сёньняшняй Беларусі. А рэаліі такія, што ў краіне праўдзівай чацьвёртай уладай становіцца незалежная прэса. Менавіта незалежныя мас-мэдыя, а не афіцыйныя фармуюць грамадзкую думку і рэальна ўплываюць на жыцьцё краіны. Як гэта добра сфармуляваў аналітык Валеры Карбалевіч — за апошнія дзесяць гадоў адбыліся «кардынальныя зьмены ў інфармацыйнай прасторы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайграная баталія. Аляксандар Лукашэнка супраць незалежных СМІТут яшчэ цікава, чаму спадар Ізраілевіч зьвярнуўся ў суд менавіта ў жніўні — амаль праз месяц пасьля публікацыі? Прычына выглядае відочнай — проста нейкі час улада не магла вызначыцца ў справе рэстарану ў Курапатах і міліцыя паводзіла сябе адносна нэўтральна, нават штрафавала кіроўцаў, якія наяжджалі на пікет. Бо справа Курапатаў дзесяцігодзьдзямі не заціхае і выступае так голасна, што ў вярхах вырашылі яе прысабечыць праз наданьне народнаму мэмарыялу афіцыйнага статусу, па ходу зьмяніўшы ягоную сутнасьць — з помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій на «памяць ахвярам вайны». Але як часта (ці амаль заўжды) бывае зь беларускай аднаасобнай уладай — хацеў схітрыць, а выйшла як заўсёды — гвалт у стылі дробнага крыміналу (яскравы прыклад — пасьлявыбарная бойня ў сьнежні 2010 г., а апошні — «наезд» на незалежных журналістаў).
Міліцыянты пачалі хапаць пратэстоўцаў і то быў сігнал для кампаніі спадара Ізраілевіча — улада на іх баку.
Актывізаваліся «выпадковыя» наведнікі рэстарана каля магілаў, зьявілася судовая позва самога Ізраілевіча. Але на суд спадар не прыйшоў і гэта будзіць надзею, што пасьпяховы бізнэсовец пачынае разумець ува што ён увязаўся. Бо ў сучасным бізнэсе, асабліва міжнародным, іміджавыя страты моцна адбіваюцца на даходах і вядуць далёка ня ў бок іх павелічэньня.
Сьвет у эпоху інтэрнэту істотна зьмяняецца, улада страціла манаполію на інфармаваньне грамадзтва і тое пачаў разумець Лукашэнка, пра што сьведчыць нядаўняя спроба (у тым жа згаданым вышэй стылі) запалохаць незалежных журналістаў. Сьледам, здаецца, пачынае нешта разумець спадар Ізраілевіч. Таму і не зьявіўся ў судзе. Суд, хай сабе і пакарае матэрыяльна журналістаў, але бізнэсоўцу Ізраілевічу дасьць найперш новы скандал і ўдар па рэпутацыі. Нядаўняя агрэсія Ізраілевіча ў Курапатах выглядае як рэцыдыў, рэакцыя эмацыйнага чалавека насуперак здароваму сэнсу.
Ёсьць добры сьвежы прыклад з папярэдняй фірмай, якая пачынала будову ў Курапатах, а пасьля пачатку пратэстаў даволі хутка і ціха зьнікла зь небясьпечнага аб’екту. І гэта паказчык, што ў ёй рулююць рэальныя бізнэсоўцы.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.