Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адказаў на зварот менчукоў, якія прасілі ўлады перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасьці». Адказ ведамства разьмешчаны на сайце petitions.by.
Як вынікае з адказу, прапанову аб перайменаваньні разгледзела камісія па найменьні і перайменаваньні праспэктаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менску. Перад прыняцьцем канчатковага рашэньня камісія празь СМІ пацікавілася меркаваньнем гараджан на гэты конт і атрымала больш за 40 лістоў з меркаваньнямі па гэтым пытаньні.
«У 31 лісьце (у тым ліку былі калектыўныя звароты) меркаваньні супраць перайменаваньня станцыі мэтро «Плошча Леніна», — адзначае ведамства і дадае, што, «з улікам «неадназначных меркаваньняў жыхароў горада», Менскаму мэтрапалітэну прапанавана захаваць існую назву станцыі.
9 жніўня на сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя з просьбай перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасьці». Як адзначалі аўтары пэтыцыі, назва станцыі не адпавядае плошчы, на якой яна разьмешчаная, што стварае блытаніну для турыстаў і гасьцей горада, а Ленін не зьяўляецца значнай фігурай беларускай гісторыі.
Пад пэтыцыяй падпісаліся 155 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ленін — частка ансамблю». Менскія ўлады адказалі на прапанову прыбраць помнік ля Дому ўраду
Беларусь — радзіма помнікаў Леніну
Раней, 19 жніўня Менгарвыканкам адказаў на зварот з прапановай дэмантажу помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці, што сабраў больш за 800 подпісаў на Petitions.by.
У адказе, падпісаным намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам, сказана, што «помнік В.І. Леніну ёсьць часткай ансамблю Дому ўраду, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці другой катэгорыі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Згодна з разьдзелам 16 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры дадзеная гісторыка-культурная каштоўнасьць знаходзіцца пад аховай дзяржавы».
Сёлета ў чэрвені зьнесьці помнік Леніну адмовіліся горадзенскія ўлады, хоць тая пэтыцыя таксама сабрала больш за 800 подпісаў. Паводле тамтэйшых уладаў, помнік «зьяўляецца неад’емным кампазыцыйным акцэнтам плошчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Ленін не заўсёды стаіць на месцыБеларусы далёка не адзін раз пратэставалі супраць помнікаў Леніну за апошнія гады: зьбівалі кувалдамі, падрывалі, закідвалі яйкамі і аблівалі валяр’янкай... Але ў Магілёве гэтай вясной улады самі мірна зьнесьлі помнік Леніну перад былым заводам штучнага валакна — завод сам ішоў на знос. У Лідзе мінулай восеньню помнік Леніну на Чырвонаармейскай вуліцы проста зьнік. Аднак у Глыбокім да 100-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі знайшоўся «запасны Ленін» замест зьнесенага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 найбольш відовішчных зносаў Леніна (ВІДЭА)Ва Ўкраіне тым часам практычна завяршылі «ленінапад» — на ўсёй тэрыторыі акрамя акупаванага Расеяй Крыму і земляў, падкантрольных самаабвешчаным «ДНР» і «ЛНР», дэмантавалі ня менш за 2389 савецкіх помнікаў.
У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзіміра Леніна зрабіў Артур Грубэ.
А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася. У суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах, за пяць кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.
Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску.
Згодна з падлікамі маскоўскага культуроляга Дзьмітрыя Кудзінава, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў. Гэта значыць, за 25 год у Беларусі зьнікла траціна ўсіх Ленінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вуліцы Леніна расьцягнуліся на 440 кілямэтраў. А Каліноўскага — на 33 кілямэтры