На працэсе ў справе аб сьмерці салдата ў Печах апыталі больш як паўсотню яго саслужыўцаў. Ніхто зь іх не сказаў, што Коржыч быў схільны да самагубства.
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Сяржанты абвінавачвалі ў сьмерці Коржыча адзін аднаго
Масавыя затрыманьні сяржантаў у Печах пачаліся празь некалькі дзён пасьля таго, як у падвале мэдычнай роты быў знойдзены труп Коржыча.
Некаторыя зь яго саслужыўцаў бачылі, як зьмяніліся паводзіны сяржантаў роты. Яны кажуць, што праявы нястатутных адносінаў адразу ж спыніліся, прыйшлося здаць на захоўваньне выкупленыя мабільныя тэлефоны. Адзін з саслужыўцаў, Уладзіслаў Казубоўскі, расказаў, як стаў сьведкам эмацыйнай размовы абвінавачаных сяржантаў. Яны абмяркоўвалі сьмерць Коржыча.
«Празь некалькі дзён пасьля таго, што здарылася (сьмерці Аляксандра Коржыча. — РС), я выпадкова пачуў урывак размовы Бараноўскага зь Вяжэвічам (абвінавачаныя ў давядзеньні Коржыча да самагубства сяржанты яго роты. — РС). Вяжэвіч сказаў Бараноўскаму нібы паўжартам: „Гэта ты вінаваты. Ты яго давёў“.
На гэта Бараноўскі цалкам сур’ёзна адказаў Вяжэвічу: „Не! Гэта ты вінаваты. Ты давёў!“. Затым я выйшаў і ня чуў, чым скончылася размова. Яны не называлі прозьвішча Коржыча, але было зразумела, што менавіта сяржанты абмяркоўваюць».
Таксама з паказаньняў саслужыўцаў вынікае, што абодва абвінавачаныя сяржанты былі аднымі з апошніх, хто бачыў Аляксандра Коржыча жывым. І Вяжэвіч, і Бараноўскі ахоўвалі яго ў апошнія дні жыцьця ў мэдычнай роце.
«Коржыч ніколі ня скардзіўся на дзедаўшчыну, у яго не было дэпрэсіі»
Пра тое, што загінулы салдат ня скардзіўся іншым на зьдзекі сяржантаў, гавораць амаль усе апытаныя саслужыўцы. Паводле іх, Коржыча ніхто ў Печах не зьбіваў больш, чым іншых навабранцаў. Ён, нават хутчэй наадварот, меў бліжэйшыя адносіны з Бараноўскім, і той дазваляў Коржычу ўнікаць цяжкіх працаў і нават заняткаў шыхтовай падрыхтоўкай.
«Нармальны быў хлопец, у канфлікты ён ні з кім не ўступаў, камунікаваў нармальна зь іншымі салдатамі, — расказаў на судзе Раман Аскерка, адзін з двух салдатаў, якія мелі найбліжэйшыя стасункі з загінулым. — Я не сказаў бы, што ў Аляксандра былі канфлікты зь сяржантамі.
З Бараноўскім нармальныя ён меў дачыненьні. Аднойчы я бачыў, як Вяжэвіч сказаў Коржычу набыць вафлі, але колькі разоў такое паўтаралася, я не ведаю. Коржыч ня скардзіўся на гэта».
Паводле Аскеркі, ніякіх прыкметаў дэпрэсіі ў сябра ён таксама не заўважыў. Да пачатку верасьня 2017 году паводзіны Коржыча нічым не адрозьніваліся ад паводзінаў іншых салдатаў роты. Сытуацыя зьмянілася пасьля таго, як Коржыч тыдзень правёў у мэдычным пункце з прастудай.
Са словаў адразу некалькіх таварышаў па службе, адтуль ён вярнуўся «іншым чалавекам». Коржыч замкнуўся ў сабе і амаль перастаў камунікаваць з саслужыўцамі. Аднак такія яго паводзіны яны схільныя тлумачыць не дэпрэсіяй, а дрэнным самаадчуваньнем.
«Аднойчы Коржыч падышоў да мяне і сказаў: „Мне даюць нейкія таблеткі, і мне ад іх вельмі дрэнна“, — расказаў у судзе таварыш па службе Коржыча Сяргей Шылко. — Ён папрасіў мяне схадзіць зь ім у мэдычны пункт і паглядзець, што гэта за лекі. Калі мы разам прыйшлі ў пункт, я пабачыў, што Коржычу даюць валяр’янку. Паспрабаваў пераканаць яго, што нічога страшнага ў ёй няма».
«Ён ня мог павесіцца сам»
Памяшканьне, у якім знайшлі труп Коржыча, знаходзіцца ў падвале будынку мэдычнай роты (невялікі асобны шпіталь на тэрыторыі часткі ў Печах. — РС). Паводле апытаных на судзе салдатаў, у падвал мэдычнай роты часам даводзілася спускацца пацыентам, якія мелі лёгкія хваробы і маглі заступаць у нарады для прыбіраньня тэрыторыі.
У падвале, зусім побач з тым самым памяшканьнем, захоўваўся рыштунак для прыбіраньня. Аднак ніхто з салдатаў ніколі ня быў у пакоі, дзе знайшлі цела. Таксама ўсе, хто ляжаў у мэдычнай роце адначасова з Коржычам, адмаўляюць, што ён мог ведаць пра тое памяшканьне. Увесь час знаходжаньня ў мэдычнай роце Коржыч правёў у асобнай палаце пад аховай і ня мог заступаць у нарады, бо лічыўся цяжкім хворым.
«Я дагэтуль не магу зразумець, як Коржыч мог павесіцца, — расказаў на судзе яго таварыш па службе Сяргей Шылко. — Чалавек, які з такой увагай ставіўся да свайго здароўя. У яго заўсёды была самая поўная аптэчка. Коржыч набываў сабе новыя берцы, як толькі бачыў мазоль на назе. Я не магу паверыць, што такі чалавек мог пайсьці і сам павесіцца. Я ня веру ў гэта».
Пра пільную ўвагу Коржыча да свайго здароўя расказваюць і іншыя яго саслужыўцы. На працэсе стала вядома, што ён ня толькі сам купляў лекі, але і прасіў родных прысылаць іх яму поштай. Апошнюю пасылку, дзе таксама былі мэдыкамэнты, Коржыч так і не атрымаў. Яна прыйшла тады, калі ён знаходзіўся ў мэдычнай частцы.
«Падчас выпіскі з мэдычнай роты выглядаў нармальна»
Салдаты, якія разам зь сяржантамі ахоўвалі Коржыча ў мэдычнай роце ў апошнія дні яго жыцьця, расказалі на судзе пра ягоны стан. Пацярпелы Юркевіч нёс варту ля палаты Коржыча разам зь сяржантам Вяжэвічам. Ён расказаў, што загінулы гаварыў пра канфлікт з дактарамі - яны нібыта не хацелі прызнаваць яго хворым. Паводле Юркевіча, гэта і стала прычынай зьмяшчэньня Коржыча ў асобную палату - маўляў, лекары такім чынам хацелі пакараць салдата.
«Ізалятар у мэдычнай роце (палата Коржыча лічылася ізалятарам. — РС) -- жахлівае месца, – расказаў Юркевіч. – Стол, крэсла, два ложкі, дзьверы – адны мэталічныя, другія драўляныя. На вокнах краты. Мне самому ад знаходжаньня там стала не па сабе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу пабачыць тут афіцэраў». Што Сьвятлана Коржыч думае пра суд па справе сынаСалдат кажа, што ў апошнія дні перад выпіскай Коржычу стала відавочна лепш. Ён ахвотна наведваў сталоўку, прасіў купляць яму прадукты і цыгарэты. Ужо на працэсе нечакана высьветлілася, што сярод пацярпелых ёсьць салдат, які размаўляў з Аляксандрам Коржычам у меркаваны дзень яго сьмерці.
«У канцы верасьня я ляжаў у мэдычным пункце і мяне накіравалі ў мэдычную роту здаваць аналізы, — расказаў Міхаіл Казачэнка. — Аналізы мы здавалі разам з Коржычам, побач зь ім стаялі ў чарзе. Пасьля аналізаў Коржычу сказалі, што яго выпісваюць з мэдычнай роты. Ён нармальна выглядаў. Пасьля нас усіх разам пашыхтавалі ісьці з мэдычнай роты ў мэдычны пункт. Коржыч стаў у самым канцы шыхту, я быў у пачатку, побач зь сяржантам. Калі мы выходзілі, Коржыч быў з намі. А калі прыйшлі на месца, ён зьнік. Агулам нас там было каля 15 чалавек. Сяржант, які нас вёў, ня зь ліку абвінавачаных. Ён ня мог бачыць, што Коржыча больш няма ў шыхце».
Паводле паказаньняў старэйшага лейтэнанта Ермачэнкі, які ў справе аб сьмерці Аляксандра Коржыча праходзіць сьведкам, інфармацыя аб выпісцы Коржыча з мэдычнай роты павінна была паступіць у мэдычную частку, адкуль Коржыча мусілі забраць у ягоную роту адказныя днявальныя альбо сяржанты. Чаму гэтага не адбылося, пакуль застаецца невядомым.
Абвінавачаныя ў сьмерці Коржыча сяржанты Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч адмовіліся даваць паказаньні на самым пачатку працэсу. У апытаньні пацярпелых шарагоўцаў і сьведкаў зрэдку ўдзельнічае толькі Вяжэвіч, які некалькі разоў задаваў салдатам удакладняльныя пытаньні і аднойчы прасіў прабачэньня за зьдзекі ў былога падначаленага. Мяркуецца, што сяржантаў апытаюць пасьля сьведкаў. Калі яны паўторна адмовяцца даваць паказаньні суду, пракурор зачытае іхныя сьведчаньні, дадзеныя падчас сьледзтва.
Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць
3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.
5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.
Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?
Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.
Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча
Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.
Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.
У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.