Беларускі паралімпіец стаў чэмпіёнам Эўропы ў кіданьні кап’я

Аляксандар Трыпуць на трэніроўцы, скрыншот зь відэа 2016 году

Беларус Аляксандар Трыпуць здабыў золата на чэмпіянаце Эўропы па кіданьні кап’я сярод людзей з інваліднасьцю, паведамляе афіцыйны сайт спаборніцтваў.

У спаборніцтвах 24 жніўня Трыпуць паказаў найлепшы вынік, абышоўшы Маноліса Стэфанудакіса з Грэцыі і Дражэнку Мітравіча з Сэрбіі. Яны занялі другое і трэцяе месца адпаведна.

Чэмпіён Паралімпіяды 2004 году Аляксандар Трыпуць мае інваліднасьць па зроку. У 2012 годзе спартовец зваліўся з акна 4 паверха ўласнай кватэры і зламаў хрыбетнік. Пасьля вяртаньня ў спорт Трыпуць здабыў бронзу на Паралімпіядзе 2016 году ў Рыа.