Дзесяць гадоў таму адзін сказ з прамовы Джона Маккейна пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах з Баракам Абамам падказаў мне, калі я зразумею, што ў Беларусі зьявілася сумленная палітыка.
Прамаўляючы ў Фініксе ў 2008 годзе пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў, Джон Маккейн зрабіў заяву, якая прымусіла сьвістаць нават ягоных прыхільнікаў. Палітык, які прайграў у прэзыдэнцкай гонцы, сваю прамову прысьвяціў ня крытыцы апанэнта. Ён заклікаў сваіх прыхільнікаў пайсьці за новым прэзыдэнтам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр амэрыканскі палітык Джон МаккейнКараценькія паведамленьні пра тое, што адзін палітык, які пацярпеў паразу на выбарах, павіншаваў па тэлефоне пераможцу, мы чуем часта. Але ня чуем, як гэта адбываецца, зь якой інтанацыяй, зь якімі эмоцыямі. Маккейн зрабіў гэта публічна і, я не сумняваюся, шчыра.
«Я жадаю шчасьлівай дарогі чалавеку, які быў маім былым супернікам і будзе маім прэзыдэнтам», — сказаў Джон Маккейн.
Людзі падчас прамовы ня раз гулі, але Маккейн рукамі прасіў іх супакоіцца і махаў галавой: маўляў, так, гэта мае словы. Я няшмат бачыў палітыкаў, якім такія словы пройдуць праз горла. Калі палітык знаходзіць у сабе сілу сказаць добрае слова пра апанэнта, то за ім ідзе дзясятак кепскіх.
Гэты сказ пакуль немагчымы ў нашым калгасным постсаўку. І ня толькі таму, што там няма дэмакратыі. Я думаю, што гэты сказ ня будзе магчымы яшчэ доўга нават з вуснаў дэмакратычных палітыкаў пасьля цалкам справядлівых выбараў. Гэта этыка, якая гадуецца пакаленьнямі ў вольнай краіне.
Гэты сказ паказвае ня толькі клясу палітыка Маккейна. Ён паказвае прорву і адлегласьць, якая дзеліць нас ад нармальнасьці. І калі некалі беларускі палітык пасьля рэальнай і зацятай палітычнай гонкі адважыцца на такія словы, то гэта будзе азначаць, што мы, хутчэй за ўсё, ідзем у правільным кірунку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.