Пяць з паловай гадзін супрацоўнікі лясной аховы спрабуюць патушыць пажар на Альманскіх балотах, што на Берасьцейшчыне. Прычынай узгараньня магла стаць незатушаная цыгарэта, паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі.
Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Ён займае 94 тысячы гектараў.
Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты», на тэрыторыі якога жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.
Плошча пажару пакуль удакладняецца. На момант прыбыцьця першага падразьдзяленьня з працаўнікоў лясной аховы Палескага лясгасу ачаг ўзгараньня ўжо складаў 5 гектараў.
Пажар выявіў дырэктар «Палескага лясгасу» падчас патруляваньня гаспадаркі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай узгараньня стала парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі. Магчыма, незатушаная цыгарэта.
На момант публікацыі ў ліквідацыі пажару задзейнічаныя:
- 18 супрацоўнікаў «Палескага лясгасу»;
- супрацоўнікі Столінскага і Лунінецкага лясгасу;
- усюдыход.
«Сытуацыю ўскладняе адсутнасьць лесагаспадарчых дарог. На дадзены момант дабрацца да ачагу ўзгараньня можна толькі пешшу ці на ўсюдыходзе. Акрамя таго, хуткаму распаўсюджваньню агню спрыяе моцны вецер», — гаворыцца ў паведамленьні Мінлясгасу.
Цяпер праз Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогу, здаць плянуюць у верасьні. Яе кошт — 1 мільён даляраў. 14 кілямэтраў грунтовай дарогі пракладаюць праз натуральнае балота.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эколягаў абурыла дарога праз Альманы. Лясгас плянуе будаваць іх яшчэ больш