Дарогу праз Альманскія балоты ўсё яшчэ будуюць. Улады патлумачылі, чаму яна патрэбная.
Дарогу праз Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» працягваюць будаваць. Больш за тое, у плянах лясгасу яшчэ некалькі новых дарог у заказьніку. Навошта іх там будуюць і ці можна абысьціся без дарог, абмяркоўвалі на экспэртнай сустрэчы ў Давыд-Гарадку. Прыводзім 6 аргумэнтаў «за» і «супраць» дарог праз балоты.
Чаму ўлады лічаць, што дарога патрэбна
1. Каб можна было хутка праехаць праз балота ў выпадку пажараў
У 2015 годзе ў Альманскіх балотах быў моцны пажар. Тэхніка не магла пад’ехаць да ачагоў узгараньня, супрацоўнікі лясгасаў пешкі праходзілі кілямэтры праз балота з вадой у заплечніках, каб тушыць пажар. У той год вырашылі, што трэба пракласьці дарогі для тэхнікі на выпадак будучых пажараў.
«Чаму мы гаворым пра дарогі? Каб апэратыўна тушыць лясныя пажары. Лесьнікі не маглі прыехаць і знайсьці ачаг. Агонь імгненна распаўсюдзіўся», — кажа на сустрэчы адзін з тых, хто тушыў пажар у 2015 годзе.
2. Жыхары Столінскага і Лельчыцкага раёнаў зарабляюць на зборы ягад. Дарога ім патрэбна, каб трапіць на балота.
«Вы спытайце ў людзей, якія тут сядзяць, чым займацца? — кажа Іван Яроміч, намесьнік старшыні Столінскага райвыканкаму. — 20 тысяч чалавек жывуць за кошт гэтых лясоў і балот. Дзякуй Богу, іх шмат у нас у раёне. Трэба пра чалавека думаць. Як абараніць людзей у Столінскім раёне? Ім патрэбныя месцы працоўныя. Вы ведаеце, колькі людзей маюць заробак дзякуючы гэтым дарогам? Ён за дзень можа зарабіць 80 рублёў».
3. Старая дарога парушала гідралягічны рэжым. Новая — не
Дарога, якая праходзіць празь некранутае балота, насамрэч аднаўляе натуральны гідралягічны рэжым на Альманах. Пра гэта заявіў распрацоўшчык ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе Валянцін Дзямянчык з Палескага аграрна-экалягічнага інстытуту Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
«Памылкі, якія зрабілі ў канцы ХІХ стагодзьдзя і ў 1930-я гады, калі будавалі падсыпныя дарогі, калі завалілі грэблі пяском, мы выпраўляем і аднаўляем натуральны прыродны гідралягічны рэжым».
Чаму экалягічная супольнасьць супраць дарогі
1. Пад пытаньнем законнасьць усяго будаўніцтва
Як кажуць эколягі, дарога праз Альманскія балоты парушае ахоўны рэжым ляндшафтнага заказьніка. Будаўніцтва супярэчыць палажэньню аб заказьніку.
«Альманскія балоты — адзін з найбольш важных прыродных комплексаў у нашай краіне, — кажа Віктар Фянчук з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — Дарогі такога тыпу ня могуць будавацца на тэрыторыі Альманскіх балотаў. Гэты заказьнік створаны, каб захаваць у сваёй цэласнасьці ляндшафт. А пабудаваная дарога цалкам яго трансфармуе, зьнішчае дзюны, праходзіць празь некранутыя балоты. Дарога ўжо нанесла страту ляндшафтным вартасьцям».
У палажэньні напісана, што ў заказьніку забараняецца «правядзеньне работ, зьвязаных са зьмяненьнем натуральнага ляндшафту і існага гідралягічнага рэжыму».
2. Каб не было пажараў, на балотах трэба аднаўляць гідралягічны рэжым, а не будаваць празь іх дарогі для пажарных машын
У 2002 годзе быў вялікі пажар на балоце Ельня на поўначы Беларусі, калі згарэлі дзьве траціны балота. Тады мясцовы лясгас пабудаваў супрацьпажарны вадаём каля балота. І тры вышкі па 100 тысяч даляраў каля яго. Але балота ўсё адно гарэла.
Як расказаў Аляксандар Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», пачынаючы з 2007 года на каналах на балоце пачалі будаваць плаціны. Спачатку там працавалі валянтэры. У 2016 годзе праект ПРААН і кампаніі Coca-Cola за 70 тысячаў даляраў пабудаваў канавы, якімі перакрылі мэліярацыйныя каналы. Тады падняўся ўзровень вады, цяпер там няма чаму гарэць.
«З пажарамі змагаюцца ня столькі дарогамі і пажарнымі вадаёмамі, а робячы праекты паўторнага забалочваньня, — сказаў Віктар Фянчук. — Хай бы Міністэрства лясной гаспадаркі выдзяляла мільёны рублёў на плаціны, каб закрываць мэліярацыйныя каналы, якія ўсё яшчэ дзейнічаюць на Альманах і суседніх балотах. У балоце будзе больш вады і пажар зь дзюнаў ня зможа распаўсюдзіцца».
Па яго словах, пажары не зьяўляюцца пагрозай для Альманскіх балотаў і ягоных жыхароў. Падчас пажару выгарае расьліннае покрыва, але агонь не ідзе ў глыбіню. Праз год гарэльнік зелянее, пачынае аднаўляцца лес.
«Напрыклад, гіганцкая вячэрніца, унікальны від кажаноў, адразу пачынае выкарыстоўваць гарэльнік для харчаваньня, – кажа Віктар Фянчук. – А вось зьнішчаныя для будовы дарогі дзюны ўжо ніколі не адновяцца».
3. Доступ да балотаў трэба зьмяншаць, а не павялічваць
«Сама дарога толькі павялічвае рызыку пажараў, — упэўнены Віктар Фянчук. — Чым болей будзе людзей у балоце, тым болей будзе пажараў».
На яго думку, даступнасьць ляндшафтнага заказьніка для людзей пагражае рэдкім відам, якія тут жывуць.
«Альманы знакамітыя відамі, якія зьвязаныя зь дзікімі біятопамі. Яны захаваліся менавіта таму, што ў іншых месцах яны ня могуць жыць праз турбаваньне з боку чалавека. А Альманы — гэта акурат астатні кавалак дзікасьці, куды чалавек ня можа дабрацца».
Таксама, па словах эколягаў, замоўчваецца праблема радыяцыйнага забруджваньня тэрыторыі. А значыць і журавін і чарніц, якія тут зьбіраюцца.
А таму Віктар Фянчук лічыць, што ў будучыні трэба не разьвіваць інфраструктуру ў заказьніку, а наадварот, абмяжоўваць туды доступ людзей.
«Вельмі добрай ідэяй для будучыні гэтай тэрыторыі будзе стварэньне тут запаведніку, як гэта ўжо даўно плянавалася».
Што далей?
Праз два тыдні пасьля публікацый у масмэдыя праз дарогу паклалі дадатковую трубу, каб вада магла перацякаць з адной часткі ў другую. Але ці прыпыняць будаўніцтва дарогі — пытаньне адкрытае.. У праект укладзеныя грошы Міністэрства лясной гаспадаркі — каля 2 мільёнаў рублёў.
Пры гэтым у экалягічнай супольнасьці ёсьць надзея, што ў далейшым дарога пройдзе не па некранутым балоце, а праз выспы. Гэта прынясе менш шкоды гідралягічнаму рэжыму.
У плянах лясгасу будаўніцтва яшчэ некалькіх дарог і моста на тэрыторыі заказьніка. На сустрэчы таксама абмяркоўвалася неабходнасьць адмовіцца ад далейшых плянаў будаўніцтва дарог на Альманскіх балотах.
«Важна, каб было выпрацавана доўгатэрміновае бачаньне таго, як мы хочам разьвіваць дарожную сетку на Альманскіх балотах і Старым Жадзене, — кажа Віктар Фянчук. — Акрамя гэтага зараз ахоўны рэжым не адпавядае значнасьці тэрыторыі. Мне падаецца важным перагледзець межы гэтых заказьнікаў і ахоўны рэжым».