Пазыцыя Масквы стане жорсткай, — лідэры беларускай апазыцыі аб прызначэньні пасла Бабіча

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Кіраўнікі беларускіх апазыцыйных партыяў выказалі Свабодзе сваё стаўленьне да прызначэньня новым амбасадарам Расеі ў Менску Міхаіла Бабіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраваў Чачнёй, уводзіў войскі ў Крым. Хто стаў новым амбасадарам Расеі ў Беларусі

Рымашэўскі: Гэта капітуляцыя беларускай замежнай палітыкі

Сустаршыня аргкамітэту партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі лічыць, што на сустрэчы ў Сочы расейскі прэзыдэнт фактычна прымусіў кіраўніка Беларусі пагадзіцца з кандыдатурай Бабіча. На думку палітыка, з прыходам новага амбасадара апошнія тэндэнцыі ў палітыцы Расеі стасоўна Беларусі ўзмацняцца:

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

«Гэта — паступовая расейская экспансія і ўсё большае прывязваньне Беларусі да Расеі. Цяпер такая палітыка набудзе больш жорсткія і відавочныя формы. Адначасова больш свабодныя дачыненьні афіцыйнага Менску з Захадам, якія былі відаць апошнім часам. На мой погляд, будуць заканчвацца».

Барысаў: Грамада афіцыйна выступіла супраць Бабіча

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў гаворыць, што 23 жніўня партыйны прэзыдыюм прыняў зварот да Міністэрства замежных справаў Беларусі аб устрыманьня ад згоды на прызначэньне Бабіча. У гэтым дакумэнце згадваюцца пэўныя эпізоды з жыцьця новага амбасадара.

Ігар Барысаў, архіўнае фота

«Мы ведаем, што гэта чалавек жорсткай рукі. Ён „наводзіў парадак“ у праблемных месцах Расейскай Фэдэрацыі. Гэта і Чачня, і Татарстан. Яму не дала агрэману Ўкраіна. І мы разумеем, што ён накіраваны да нас выключна для ўзмацненьня пазыцыяў Расеі. Ягоны бэкграўнд не дае падставаў меркаваць, што яго пасылаюць выбудоўваць раўнапраўныя дачыненьні дзьвюх краін», — адзначае Ігар Барысаў.

Статкевіч: Крэмль запатрабуе «вярнуць тавар»

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч лічыць, што прызначэньне Бабіча — гэта толькі адзін з фактараў зьмены расейскай палітыкі што да Беларусі:

«Яна ўжо набывае новыя формы. У Масквы цяпер значна менш грошай. І таму яна за кожную скормленую Беларусі калёрыю будзе патрабаваць ад Менску ўсё болей паслугаў».

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Апазыцыйны палітык дадае, што Масква з 1999 году, калі стварылі так званую Саюзную дзяржаву, ужо сплаціла Лукашэнку як найменей 150 мільярдаў даляраў.

«У Маскве лічаць, што такім чынам яны скуплялі нашу дзяржаву. І цяпер запатрабуюць „вярнуць тавар“. Я ня ведаю, у якой дакладна форме гэта будзе. Магчыма, будзе патрабаваньне абраць агульнага прэзыдэнта, і зразумела, хто ім будзе. Магчыма, вярнуцца да разьмяшчэньня вайсковай базы ў Беларусі. Мы пабачым унікальны выпадак — прэзыдэнт незалежнай дзяржавы рабіў усё, каб зрабіць зь яе філію іншай дзяржавы», — кажа Мікола Статкевіч.

Кастусёў: Расейскія алігархі пацягнуцца да беларускага «фамільнага срэбра»

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што Бабіч выставіць беларускім уладам ня толькі палітычныя і вайсковыя патрабаваньні, пра што гавораць многія экспэрты, але і эканамічныя.

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

«Думаю, ціск пойдзе ў трох кірунках: палітычным, вайсковым і эканамічным. У палітыцы ад Менску запатрабуюць большай падтрымкі Расеі на міжнароднай арэне і згортваньня больш-менш нармальных дачыненьняў з Захадам. У вайсковых справах запатрабуюць разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы. У эканоміцы — расейскія алігархі пацягнуцца да беларускага «фамільнага срэбра», — заявіў лідэр Партыі БНФ.

Кастусёў мяркуе, што палітыка Расеі стасоўна Беларусі на ўсіх гэтых кірунках стане больш жорсткай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск можа быць незадаволены, але гэта не падстава адмовіць, — экспэрты пра пасла Бабіча