З 30 жніўня ў Менску і ўсіх абласьцях Беларусі будзе дэманстравацца нідэрляндзкі мастацкі фільм у беларускім гучаньні «Мой сябар жырафа» («Dikkertje Dap»).
Пераклад і дубляж «стужкі для ўсёй сям’і» рэжысэркі Барбары Брэдэры зроблены камандай «Кінаконг» у рамках праекту «Беларускія ўікэнды» (пры падтрымцы кампаніі «Вэлком»).
Двайны рэкорд
Прэм’ера з удзелам амбасадара Каралеўства Нідэрляндаў у Беларусі Паўла ван Оўствээна адбудзецца ў менскім кінатэатры «Масква» 30 жніўня.
Як распавёў Свабодзе кіраўнік праекту «Беларускія ўікэнды» Андрэй Кім, агулам кінафільм упершыню будзе паказаны адразу на 15 менскіх пляцоўках, а таксама ў дзясятках кінатэатраў ува ўсіх рэгіёнах краіны — дакладную лічбу пакуль цяжка падлічыць.
«Наагул гэта наш першы фільм, які бяруць у паказ усе вобласьці Беларусі — хіба толькі крыху будуць ссунутыя тэрміны, — кажа Андрэй Кім. — То бок пачатак сэансаў 30 жніўня ў Менску і ў Віцебску, а пасьля далучацца іншыя гарады. Так што ў нас, можна сказаць, двайны рэкорд — як у Менску, адкуль мы пачыналі, так цяпер і ўва ўсёй Беларусі».
Андрэй Кім не хавае, што калі «Беларускія ўікэнды» толькі пачыналіся, менскае прадпрыемства «Кінавідэапракат» ня мела вялікага аптымізму што да папулярнасьці стужак зь беларускім дубляжом. Але аншлягі паказалі, што глядацкі попыт стабільны.
«Гэта вынік нашай працы, мы проста расьцем, — працягвае Кім. — Прынамсі кінатэатры сёньня бачаць, што беларускамоўныя вэрсіі маюць посьпех, а значыць, які сэнс ад іх адмаўляцца? Вядома, шмат залежыць ад выбару стужкі. Напрыклад, наша апошняя праца — „Мой сябар жырафа“ — сама па сабе вельмі ўдалая, адмыслова прымеркаваная да 1 верасьня. Разьлічваем, што гледачы яе годна ацэняць».
Канкурэнцыі ў беларусізацыі кіно няма
У той час як «Кінаконг» беларусізуе сусьветнае кіно, нацыянальны вытворца кінапрадукцыі «Беларусьфільм» фактычна адмовіўся ад беларускай мовы ў якасьці працоўнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умяшаньне ў творчую задуму»: новы міністар культуры засумняваўся, ці варта перакладаць кіно на беларускую«Натуральна, мы хацелі б, каб у беларускамоўным кіно была большая канкурэнцыя, у тым ліку з боку „Беларусьфільму“, — кажа Андрэй Кім. — Асабіста я за тое, каб дзяржава ўвяла абавязковае дубляваньне ўсіх фільмаў, якія ідуць у паказ, на беларускую мову — на чым той жа „Беларусьфільм“ мог зарабіць мільёны даляраў. Але пакуль нашыя сфэры розныя: мы займаемся дубляжом, а кінастудыя стварае фільмы».
Ці ёсьць прыбытак?
За мінулы час каманда «Кінаконгу» адаптавала пад беларускага гледача каля двух дзясяткаў кінастужак («Беларусьфільм» здымае адну-дзьве стужкі на год). І калі першыя паказы «Кінаконгу» былі бясплатнымі, то неўзабаве кінатэатры перайшлі на камэрцыйную аснову. Ці дае гэтая справа прыбытак?
«Зразумела, гэта ня звышпасьпяховая кампанія, — кажа Андрэй Кім. — Разам з тым, мы толькі пачалі і ўжо ёсьць попыт на нашу прадукцыю — што, вядома, ня можа ня цешыць. Таму працуем, разьвіваемся, аўдыторыя з кожным годам павялічваецца, прычым досыць значна.
Ёсьць і пасьпяховыя праекты, і фільмы, якія не акупіліся. Тым ня меней для нас усе яны важныя. Дый займаемся гэтай справай ня дзеля грошай, проста любім тое, што робім. А робім, бо любім Беларусь, беларускую мову і добрае кіно. Спадзяюся, што будзем працягваць гэтак жа надалей і праект застанецца пасьпяховым ува ўсіх вымярэньнях».
Кавэр на «Space Oddity» Дэвіда Боўі быў адмыслова запісаны для беларускага пераклада фільму «Таемнае жыццё Ўолтэра Міці»
Арганізатар «Беларускіх ўікэндаў» таксама дадае, што з кожным новым фільмам ён і ягоныя паплечнікі імкнуцца зрабіць так, каб глядзець кіно на беларускай мове прыходзілі ня толькі тыя, хто ўвесь час на ёй размаўляе, але і тыя, хто хацеў бы чуць родную мову часьцей. І супольны паход на фільм «Мой сябар жырафа» — ідэальны для «пачатковай беларусізацыі».
У сюжэце стужкі — гісторыя сяброўства хлопчыка Дыкерт’е Дапа і гаваркой жырафы па мянушцы Раф. Будучы першаклясьнік вырас разам з Рафам і хоча пайсьці зь ім у школу. Але дарослыя лічаць, што жырафе школа непатрэбная. Як правяраецца сапраўднае сяброўства, можна даведацца зь фільму, зьнятага Барбарай Брэдэрай паводле твору нідэрляндскай казачніцы Ані Шміт.