Улады Берасьця забаранілі восем мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода

Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу»

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, гарвыканкам забараніў мітынгі на падставе таго, што ў заяўленыя дні на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў будуць праводзіцца рамонтныя работы.

Заяўкі на правядзеньне 8 мітынгаў падала група жыхароў Берасьця і прыгараду: па 4 мітынгі плянавалася правесьці 25 і 26 жніўня, усе — на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Мэта мітынгаў — выказаць пратэст супраць будаўніцтва заводу сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй «АйПаўэр» і інфармаваць людзей пра грамадзкую кампанію супраць вытворчасьці, якая, на думку актывістаў, становіць небясьпеку для навакольнага асяродзьдзя і здароўя.

Паводле праваабаронцы, мясцовыя ўлады ідуць на разнастайныя хітрасьці, каб знайсьці фармальную нагоду для адмовы актывістам у правядзеньні акцый супраць будаўніцтва заводу. Увесь час там праводзяцца, як пішуць у адказах чыноўнікі, заплянаваныя раней мерапрыемствы: спартовае сьвята, канцэрт творчых калектываў, акцыя, прымеркаваная да Ўсясьветнага дня бяздомных жывёл.

«Цяпер мерапрыемствы скончыліся, і зьявіліся рамонтныя работы ў суботу і нядзелю, — адзначыў праваабаронца. — Улады рэальна баяцца гэтых акцый пратэсту. І сваімі адмовамі імкнуцца зьнізіць велізарнае абурэньне жыхароў рэгіёну будаўніцтвам гэтага заводу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам тут жыць». Да 2000 берасьцейцаў выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу. ФОТА

Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр» — рэзыдэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

У траўні актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця — як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, тыя «нядобрасумленна выконваюць свае прамыя службовыя абавязкі, ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду, якая чыніцца навакольнаму асяродзьдзю і здароўю людзей».

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасьці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу. Яны стаяць групамі, абмяркоўваюць навіны, зьвязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

Берасьцейскія ўлады ўжо ня раз забаранялі мітынгі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, а берасьцейскіх блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.