Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы папа Францішак асудзіў сэксуальныя злоўжываньні з боку сьвятароў і публічна пакаяўся. Адпаведны ліст ён апублікаваў 20 жніўня. Пра гэта паведамляе Нацыянальнае грамадзкае радыё ЗША.
На днях амэрыканская калегія прысяжных апублікавала шматстаронкавы дакумэнт аб пэдафіліі сярод каталіцкага духавенства.
У сваім пасланьні Францішак абвінаваціў у «саўдзеле» тых царкоўных служкаў, якія, паводле яго слоў, вырашылі апраўдаць крыўдзіцеляў замест таго, каб абараніць хлопчыкаў і дзяўчатак ад дамаганьняў з боку сьвятароў.
Папа Францішак назваў «зьверствамі» тыя спосабы спакушэньня малалетніх, якія апісаны ў амэрыканскім дакумэнце. Сярод іх — парнаграфія, алькаголь, вэрбальны і фізычны гвалт.
Ад імя ўсёй царкоўнай супольнасьці ён «з ганьбай і пакаяньнем» прызнаў, што Касьцёл своечасова не адрэагаваў на той боль, які ён нанесла «шматлікім жыцьцям». Папа рымскі паабяцаў прыняць меры, аднак ня стаў іх канкрэтызаваць.
15 жніўня вялікае журы ў штаце Пэнсыльванія выпусьціла даклад, зь якога вынікае, што больш за 300 сьвятароў-пэдафілаў з 1950-х гадоў сэксуальна разбэсьцілі больш чым тысячу непаўналетніх у шасьці эпархіях штату. Праз два дні пасьля апублікаваньня дакладу прадстаўнік Ватыкану Грэг Бэрк заявіў, што каталіцкая царква асуджае сэксуальныя дамаганьні да дзяцей.