Жыхары вёскі Бабровічы Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці паведамілі Свабодзе пра перастрэлку з удзелам вяскоўца і міліцыі.
Вясковец зачыніўся ў хаце, не пускаў міліцыю, пагражаў спаліць будынак і пачаў страляць. У перастрэлцы ён забіў участковага інспэктара міліцыі 1976 году нараджэньня і параніў міліцыянта 1995 году нараджэньня, напісаў Сьледчы камітэт. Участковы быў забіты стрэлам у галаву, яго калегу шпіталізавалі.
«У пацярпелага агнястрэльнае множнае раненьне грудной клеткі і паясьнічнай вобласьці з пашкоджаньнем унутраных органаў і ўнутрыбрушным крывацёкам. У апэрацыйнай крывацёк быў спынены, раны зашытыя. Пацыент цяпер у рэанімацыі. Стан яго цяжкі, але стабільны. Ён у мэдыкамэнтозным сьне», — паведаміў БЕЛТА галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Васіль Юзафовіч.
Пасьля перастрэлкі ў 15.40, калі прагучала 6 стрэлаў, нападнік Сяргей Д. здаўся і яго затрымалі, гэта пацьвердзіў СК. Затрыманаму пагражае сьмяротнае пакараньне.
Сяргей Д. меў зарэгістраваную дома зброю, бо ён паляўнічы. Канфлікт пачаўся, калі да яго прыйшлі ўчастковыя дзеля плянавай праверкі зброі. Па правілах, паляўнічая зброя мусіць ляжаць у мэталічнай скрыні пад замком.
Сяргею Д. 57 гадоў. Ён беспрацоўны, раней меў свой бізнэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меў канфлікт зь міліцыяй, суседзі лічылі нелюдзімым. Першыя дэталі пра стралка з Івацэвіцкага раёнуВядома, што ў вёску накіравалі міліцэйскае падмацаваньне з Івацэвічаў і АМАП зь Пінску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бунт у Аброве: як палеская вёска АМАПаўцаў зьбівала