У рубрыцы «Калейдаскоп» дзяржаўнага агенцтва БелТА мноства фатаздымкаў, якія ніяк не падпісаныя. Калі зрабіць пошук праз Google, высьвятляецца, што большасьць зь іх належаць замежным агенцтвам, — пераважна брытанскай Getty Images, але таксама амэрыканскай Associated Press, брытанскай Press Association і шэрагу іншых.
У кампаніі Getty Images нам паведамілі, што дамовы зь БелТА на выкарыстаньне фотаздымкаў яны ня маюць. Супрацоўнікі Маскоўскага офісу кампаніі, які займаецца беларускімі кліентамі, кажуць, што яшчэ на мінулым тыдні зьвязаліся зь БелТА праз электронную пошту наконт выкарыстаньня сваіх фота, але адказу дагэтуль не атрымалі.
Кіраўнік маскоўскага прадстаўніцтва Getty Images Дзьмітры Апашнянскі патлумачыў Радыё Свабода, што на постсавецкай прасторы даволі складана дабіцца адэкватнай кампэнсацыі за незаконнае выкарыстаньне фотаздымкаў. Ён прывёў у прыклад судовы працэс, які Getty Images нядаўна вяла супраць расейскай радыёстанцыі Спорт FM.
«Мы атрымалі за здымак 25 тысяч [расейскіх] рублёў кампэнсацыі [цяпер гэта прыблізна 750 беларускіх]. Але наш юрыст займаўся гэтым паўгода. Нам гэта нявыгадна».
Мы таксама атрымалі адказ з брытанскага агенцтва Press Association, чый фотаздымак рэжысэра Джэймса Гана ў кампаніі зь янотам ёсьць на сайце БелТА.
«На жаль, выглядае, што ў нас няма дамовы зь БелТА».
У аўторак і сераду мы спрабавалі атрымаць у прадстаўнікоў агенцтва БелТА камэнтар пра гэтую сытуацыю. Аднак тыя адказныя асобы, да якіх нас пераадрасоўвалі, казалі, што ня ведаюць, ці мае БелТА дазвол на выкарыстаньне здымкаў Press Association і Getty Images.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірына Леўшына: Пра прэс-службы, каналізацыю і «справу БелТА»