Турэччына значна падвысіла мытныя пошліны на шэраг амэрыканскіх тавараў у адказ на рашэньне ЗША ўдвая павялічыць тарыфы на імпарт сталі і алюмінію. Адпаведны ўказ падпісаў прэзыдэнт краіны Рэджэп Эрдаган.
Пошліны на амэрыканскую алькагольную прадукцыю вырасьлі на 140 адсоткаў, на легкавыя аўтамабілі — на 120 працэнтаў, на ліставы тытунь — на 60 працэнтаў. Акрамя таго, павышаныя пошліны на касмэтыку, рыс і вугаль.
Рашэньне Анкары абумоўлена «наўмыснымі нападамі адміністрацыі ЗША» на турэцкую эканоміку, напісаў у твітэры віцэ-прэзыдэнт Турэччыны Фуат Актай.
У пачатку жніўня ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да кіраўнікоў МУС і Мінюсту Турэччыны. Анкара ўвяла адпаведныя санкцыі. Неўзабаве прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб дадатковым павышэньні пошлін на пастаўкі турэцкай сталі і алюмінію. На фоне гэтых паведамленьняў турэцкая ліра абнавіла мінімум да даляра.
Прэзыдэнт Рэджэп Эрдаган заявіў, што рэкорднае падзеньне ліры ўяўляе сабой сплянаваную акцыю супраць самастойнай палітыкі Анкары. З пачатку году нацыянальная валюта страціла прыкладна 45 адсоткаў кошту. Напярэдадні турэцкі лідэр заклікаў да байкоту амэрыканскай электронікі.