Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган: Падзеньне ліры — вынік «палітычнай змовы» супраць Турэччыны


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган

На таргах 13 жніўня турэцкая валюта дасягнула рэкордна нізкага ўзроўню ў адносінах да даляра ЗША.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган, які ўцягнуўся ў спрэчку з ЗША, краінай-саюзьнікам па NATO, заявіў у нядзелю, што падзеньне нацыянальнай валюты, ліры, зьяўляецца «палітычнай змовай» супраць Турэччыны, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы перад палітычнымі прыхільнікамі ў чарнаморскім курортным горадзе Трабзон, Эрдаган заявіў:

«Мэта гэтай апэрацыі — прымусіць Турэччыну здацца па ўсіх напрамках, ад фінансаў да палітыкі. Мы зноў сутыкнуліся з палітычнай закуліснай змовай. Калі на тое будзе воля Ўсявышняга, мы гэта адолеем».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп уступіў у канфлікт з Эрдаганам па некалькіх пытаньнях, уключаючы арышт амэрыканскага пастара ў Турэччыне ў 2016 годзе, якога Анкара абвінавачвае ў шпіянажы. У ліпені турэцкія ўлады вызвалілі пастара-евангеліста з-пад варты, але зьмясьцілі яго пад хатні арышт да судовых слуханьняў, нягледзячы на патрабаваньні ЗША.

На фоне ўзмацненьня спрэчкі 10 жніўня Трамп падвоіў мыты на імпарт сталі і алюмінію з Турэччыны, што прывяло да падзеньня курсу ліры на 16 адсоткаў. З пачатку году турэцкая нацыянальная валюта зьнізілася на 40 адсоткаў. На ранішніх таргах на азіяцкіх біржах 13 жніўня курс валюты дасягнуў рэкордна нізкага ўзроўню ў 7,06 ліры за даляр ЗША.

11 жніўня Рэджэп Эрдаган зноў заклікаў грамадзян краіны распрадаваць свае даляры і эўра, каб падтрымаць нацыянальную валюту.

«У чым прычына гэтай буры ў шклянцы вады? — спытаў Эрдаган. — Эканамічных прычын для гэтага няма. Гэта называецца апэрацыя супраць Турэччыны».

Эрдаган даў зразумець, што ня мае намеру ісьці на саступкі ЗША ці фінансавым рынкам. Замест гэтага Турэччына «пойдзе на новыя рынкі, будзе завязваць новыя партнэрскія адносіны і ствараць новыя альянсы», сказаў Эрдаган.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG